Мы не забылі тыя страшныя часы і не дазволім вярнуць нашу краіну ў іх
29 кастрычніка – 80-годдзе “ночы растраляных паэтаў”. Гэтую дату лічаць сімвалам сталінскіх рэпрэсій, ад якіх пацярпелі, па розных ацэнках, ад 600 тысяч да 1 мільёна 400 тысяч жыхароў нашай краіны.
Сённяшняя ўлада замоўчвае злачынствы сталінізму. Яна дазваляе нам узгадваць пра іх толькі ў закрытых памяшканнях, на могілках ці ў лесе. Улада панічна баіцца публічных праяў памяці пра злачынствы сваіх ідэйных папярэднікаў у людных месцах і спрабуе прадухіліць іх. У ход ідуць запалохванні ці прэвентыўныя затрыманні патэнцыйных удзельнікаў памятных мерапрыемстваў, атакі ў інтэрнэце платных і дабраахвотных троляў супраць арганізатараў гэтых мерапрыемстваў, ціск на недзяржаўныя СМІ.
Але калі мы публічна і адкрыта не асуджаем злачынствы сталінізму, то мы фактычна прымаем іх і ўзмацняем пагрозу спаўзання краіны да новых масавых рэпрэсій.
У нядзелю 29 кастрычніка ў 19.00 каля будынка КГБ на пр. Незалежнасці Мінска пачнецца традыцыйны штогадовы “Ланцуг памяці” ахвяр сталінізма.
Прыходзьце са свечкамі ці лампадкамі, партрэтамі забітых. Успомнім нявінна забітых каля месца, дзе іх катавалі і забівалі.
Мы не забылі тыя страшныя часы і не дазволім вярнуць нашу краіну ў іх.
Жыве Беларусь!
Мікалай Статкевіч 28 кастрычніка 2017 года