МЫ ПЕРАМОЖАМ! Заява Рады БНК
Надыходзіць вызначальны час для Беларусі. Рэжым Лукашэнкі давёў краіну да эканамічнага калапсу. Дыктатар ня можа разлічыцца з пазыкамі, якія ён назбіраў на працягу свайго кіравання. Замест эканамічных рэформаў ён ліхаманкава шукае грошы, каб не дапусціць сацыяльных выбухаў і бунтаў. Беларусь апынулася на мяжы канчатковай страты незалежнасці.
Абсалютная большасць жыхароў краіны ненавідзіць дыктатара і хоча пераменаў. Змена ўлады ў бліжэйшы час — адзіная магчымасць захаваць і абараніць незалежнасць Беларусі і вярнуць нашу краіну на цывілізаваны шлях развіцця.
Беларускі Нацыянальны Кангрэс возьме ўдзел у палітычнай кампаніі па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якая ужо фактычна пачалася. Напачатку 2019 года Рада БНК абвесціць імя кандыдата (ці імёны кандыдатаў) у прэзідэнты Беларусі ад Беларускага нацыянальнага кангрэсу.
Мы разумеем, што выбары ў нашай краіне ператвораныя ў фарс і ідзем на іх, каб скарыстаць палітычную актывізацыю грамадства. У беларусаў дастаткова сілаў, смеласці і рашучасці, каб прымусіць уладу пачуць народ і выканаць яго волю, як гэта адбылося ўвесну 2017 года. Разам мы здолеем перамагчы дыктатуру.
Жыве Беларусь!
Рада Беларускага Нацыянальнага Кангрэса
20.12.2018, г.Мінск