Навіны

МЗС Францыі лабіруе інтарэсы беларускага рэжыму?

Як паведамляе Хартыя97, у Варшаве адбылася сустрэча прадстаўніка МЗС Францыі Эрыка Фурнье з прадстаўнікамі беларускай дэмакратычнай апазіцыі, якія вымушаныя былі пакінуць краіну. Паводле ўдзельнікаў, МЗС Францыі пераконвае Польшчу адмовіцца ад прынцыповай пазіцыі па Беларусі.

Пра гэта на сустрэчы з беларускай дыяспарай адкрыта распавёў прадстаўнік МЗС Францыі Эрык Фурнье (Eric Fournier). З беларускага боку ў сустрэчы, якая адбылася на мінулым тыдні ў Варшаве, прынялі ўдзел сустаршыні Беларускага дома ў Варшаве Зміцер Бародка і Алесь Зарэмбюк, лідар асацыяцыі «За мадэрнізацыю» Алесь Міхалевіч, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандр Атрошчанкаў, актывістВітаўт Сіўчык.

Эрык Фурнье распавёў пра свой візіт у Беларусь, пра сустрэчу з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем (на фота), прадстаўніком «палаты прадстаўнікоў», апазіцыянерамі і жонкамі палітвязняў.

Па словах чыноўніка, ён пачуў розныя, часам супрацьлеглыя, меркаванні аб дапушчальнасці дыялогу з рэжымам Лукашэнкі, аднак нават міністр замежных спраў прызнаў наяўнасць палітвязняў. Тым не менш г-н Фурнье лічыць дыялог з рэжымам неабходным і будзе настойваць на запрашэнні Уладзіміра Макея на саміт «Усходняга партнёрства» ў Вільні. Больш за тое, па словах Эрыка Фурнье, ён прыехаў у Варшаву як раз для таго, каб пераканаць Польшчу ў неабходнасці зняцця візавых абмежаванняў з беларускага міністра.

Усе ўдзельнікі сустрэчы з беларускага боку аднадушна выказаліся аб недапушчальнасці такіх сустрэчных крокаў да вызвалення палітвязняў і забеспячэння магчымасцяў роўнай палітычнай барацьбы ўнутры Беларусі.

Алесь Міхалевіч сказаў, што ўсе спробы пачаць «дыялог» з рэжымам сканчаюцца пагаршэннем сітуацыі і павелічэннем колькасці палітвязняў. Зміцер Бародка і Алесь Зарэмбюк распавялі пра цяжкае становішча беларускіх палітвязняў, пра сітуацыю з падаўжэннем тэрміну зняволення Змітру Дашкевічу, перавод палітвязняў на больш жорсткія ўмовы ўтрымання.

Сваімі ўражаннямі пра сустрэчу падзяліўся з charter97.org каардынатар «Еўрапейскай Беларусі», былы палітвязень Аляксандр Атрошчанкаў:

«Цынізм і слабасць аргументацыі – гэта агульныя рысы ўсіх лабістаў «дыялогу» з дыктатурай Лукашэнкі, але ў дадзеным выпадку я быў проста здзіўлены. Чалавек адкрыта кажа пра тое, што Макей прызнаў наяўнасць палітвязняў, але працягвае настойваць на яго ўдзеле ў саміце УП. На пытанне аб тым, не ці лагічней было б вярнуцца да гэтага пытання пасля вызвалення ўсіх палітвязняў, быў адказ: «Але калі палітвязні не будуць вызваленыя да таго часу, то ўдзельнікі саміту змогуць спытаць, чаму…». Але ж саміт Усходняга партнёрства адбудзецца ў лістападзе. Чыноўнік не адчувае ніякага дыскамфорту ў сувязі з тым, што яшчэ больш за паўгода нявінна асуджаныя людзі будуць знаходзіцца ва ўмовах жахлівага ціску і падвяргацца выдасканаленым здзекаванням.

Таксама я быў здзіўлены раптоўнай актыўнасцю чыноўніка МЗС Францыі ў гэтым напрамку. Мне цяжка ўявіць, што дыпламаты ў Парыжы не могуць спакойна спаць ад таго, што Макей знаходзіцца пад дзеяннем візавых санкцый», – распавёў Аляксандр Атрошчанкаў.

Уладзімір Макей быў унесены ў спіс асобаў, якім забаронены ўезд у ЕЗ, ЗША і іншыя краіны, за ролю, якую ён адыграў у фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года, разгоне акцыі пратэсту апазіцыі і арышце апазіцыйных кандыдатаў. Прыхільнікі «дыялогу» з рэжымам пастаянна робяць спробы пераканаць ЕЗ адмяніць візавыя абмежаванні ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў.

Пазіцыя Эрыка Фурнье, як і некаторых іншых чыноўнікаў, супярэчыць афіцыйнай і шматразова агучанай пазіцыі ЕЗ – не адмяняць візавыя абмежаванні да вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітвязняў.

Хартыя\’97