Навіны

На Акрэсьціна ад цяжарнай жонкі Зьмітра Дашкевіча не ўзялі перадачу

17 траўня Наста Дашкевіч, жонка сустаршыні «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча спрабавала перадаць яму ў ізалятар на Акрэсьціна перадачу з харчамі.

Ахоўнікі ізалятару адмовіліся прыняць перадачу, спаслаўшыся на загад начальства, паводле якога для тых, хто сядзіць 25 сутак, дазволена прымаць перадачы толькі раз ў тры дні. Маўляў, апошнюю перадачу для Дашкевіча прынялі 14 траўня, значыць наступная мусіць быць 18-га. Наста Дашкевіч кажа, што гэты загад супярэчыць правілам прыёму перадач, а таксама выказвае прэтэнзіі да паводзінаў міліцыянтаў.
«Кажу ім, што адстаяла ў вялікай чарзе, што на 9-ым месяцы цяжарнасьці, а там у іх не прысесьці, на сонцы. Кажу, калі гэтак, то вазьміце ў мяне тую перадачу і аддасі яму заўтра, каб я не цягалася з гэтымі пяцьцю кіляграмамі па сьпякоце. На гэта мне гэтак хамавіта адказалі, што тут ўсё ведаюць пра маю цяжарнасьць, ведаюць, чыя я жонка, але прыходзьце заўтра».

Паводле Насты Дашкевіч, з ізалятару на Акрэсьціна, дзе яе муж Зьміцер Дашкевіч сядзіць ужо 23 дні, ад яго прыйшоў толькі адзін ліст, ў самым пачатку адседкі. «Мяркую, ён напісаў за гэты час каля 10 лістоў, але дайшоў, як бачыце, толькі адзін», — кажа Наста Дашкевіч. Пра ўмову, ў якіх адбывае адміністрацыйнае пакараньне Зьміцер Дашкевіч, ёй вядома, што ён прасіўся ў іншую камэру, дзе вязьні не паляць і нібыта гэтую просьбу задаволілі. «Больш нічога невядома», — кажа жонка апазыцыянэра.
  

Былы палітвязень Зьміцер Дашкевіч быў арыштаваны 24 красавіка і асуджаны на 25 сутак. Ён уваходзіць ў сьпіс больш як 30 грамадзкіх актывістаў, якіх, як лічаць праваабаронцы, прэвэнтыўна арыштавалі па надуманых падставах, каб пазьбегнуць магчымых акцый пратэсту падчас розных палітычных падзей, ў тым ліку чэмпіянату сьвету па хакеі. Зьміцер Дашкевіч мусіць выйсьці на волю 19 траўня. Праваабаронцы не выключаюць паўторных затрыманьняў актывістаў, але пакуль ніхто з тых, хто днямі ўжо выйшаў з Акрэсьціна, па другому разу туды ня сеў.