На сустрэчы са Святланай Ціханоўскай у Люксембургу беларусы падтрымалі палітвязняў і распаўсюдзілі зварот Марыны Адамовіч

Дарагія сябры! Суайчыннікі!

Я, – Марына Адамовіч, жонка і паплечніца Мікалая Статкевіча, палітыка і палітвязня, — шчыра дзякую вам за тое, што ўжо амаль год, у любое надвор’е, штодня, вы выходзіце на вуліцы гарадоў̆ вашай новай Радзімы, каб падтрымаць народ Беларусі, свой народ, суайчыннікаў у змаганні за свабоду нашай агульнай Бацькаўшчыны.

Я да слёз кранутая і вельмі ўдзячная той колькасці людзей, якія ў розных канцах зямлі, разам, пад бел-чырвона-белымі сцягамі, стаяць за свабоду Беларусі.

Гэта неверагоднае шчасце – ведаць, што мы — разам!

Нас раздзяляюць тысячы кіламетраў, але мы робім адну справу — набліжаем дзень, калі Беларусь стане вольнай.

Калі ласка, не спыняйцеся. Дзякуючы вам пра Беларусь памятаюць у свеце. Вы не даёце супакоіцца палітыкам сваёй новай Радзімы. З вашай дапамогай мець справы з беларускім рэжымам стала немагчыма палітыкам і бізнесу. І перанос чэмпіянату свету па хакею таму яркі прыклад. На вашы плечы лягла яшчэ і дапамога ўцекачам, і пацярпелым ад рэжыму. Дзякуй!

Веру, што хутка мы разам будзем рабіць нашмат больш прыемную справу – адбудоўваць нашу цудоўную краіну. І ваш досвед і ўнёсак таксама будзе неабходным і важкім.

І няхай зараз цяжка і хочацца часам апусціць рукі, я ведаю, што пакуль мы разам, — усё будзе добра.

Жыве Беларусь!

Мінск, 11 чэрвеня 2021 г.