Навіны

Начальнік менскай міліцыі пагражаў Статкевічу

Былога палітвязня Мікалая Статкевіча сёння выклікалі ў ГУУС Менгарвыканкама.

Былы палітвязень Мікалай Статкевіч паведаміў «Нашай Нiве», што сёння быў выкліканы на гутарку ў ГУУС Менгарвыканкама. Прычына – 10 верасня Статкевіч плануе правесці пікет ля ГУМа з патрабаваннем свабодных выбараў.

«Я знаходжуся на прафілактычным уліку і абавязаны з\’яўляцца ў міліцыю. Сёння мяне запрасілі а 14:50 ў ГУУС Менгарвыканкама. Завялі ў нейкую залу, там процьма відэакамер. Сядзіць сапраўдны прэзідыум на чале з генерал-маёрам, падстрыжаным пад вожык.

Той генерал адразу пачаў сваю прамову, што я парушаю заканадаўства, збіраю несанкцыянаваны пікет. Я кажу: “Вы так прамаўляеце натхнёна, але я вас нават не ведаю, назавіцеся. Высветлілася, што гэта начальнік менскай міліцыі Аляксандр Барсукоў.

Я растлумачыў, што маю канстытуцыйныя правы, што цяпер ідзе выбарчая кампанія, маю права абмяркоўваць. Хвілін 15 мы перапынялі адзін аднаго. Барсукоў палымяна хацеў гаварыць на камеру, а я не даваў яму гэта зрабіць.

Высветлілася, што Барсукоў вельмі эмацыйны чалавек. Ён настолькі расхваляваўся, што дарэшты забыўся ўсе замежныя мовы, пачаў размаўляць па-беларуску. І вельмі добра прамаўляў! Прапаноўвалі падпісаць нейкае пісьмовае папярэджанне, але я адмовіўся.

Я сказаў, што міліцыя ператварыла народ у запалоханы статак, а я асабіста такім ніколі не буду. Барсукоў жа стаў казаць: «Мы да вас па-чалавечы паставіліся, выпусцілі з турмы. Вы хочаце, каб вас зноў пасадзілі». Ну так, да аніводнага забойцы так не ставіліся.

Уладзе вельмі хочацца легітымнасці, але не даюць магчымасці людзям нават збірацца. Я сказаў, што не хвалюйцеся, я ж не рэвалюцыю прызначаю.

Вы павінны былі за 15 дзён падаць заяўку, адказваюць. Вы ж дазвол толькі два разы на год на Бангалор даяце.

Я ў добрым настроі сышоў з міліцыі. Стаўлюся да ўсяго гэтага з іроніяй», – распавёў палітык.