Навіны

«Начныя ваўкі» зноў прыехалі на беларуска-польскую мяжу

Расейскія байкеры ў Берасце прыехалі яшчэ 9 жніўня, каб сустрэць першую групу матацыклістаў з Еўропы.

«Сёння мы чакаем славакаў і палякаў. Чакаецца некалькі груп. Сёння запланаваны візіт у консульства і наведванне Берасцейскай крэпасці», — распавёў tut.by кіраўнік аддзелу «Дарогі Перамогі» мотаклуба «Начныя Ваўкі» Андрэй Баброўскі, які таксама сустракаў гасцей на выездзе з пункта пропуску.

Са слоў суразмоўцы, еўрапейскія ўдзельнікі прабегу — гэта «сябры, якія дапамагалі «Начным ваўкам» з арганізацыяй травеньскага мотапрабегу ў Берлін».

З Берасця калона выедзе 11 жніўня ў Менск. Затым матацыклісты пройдуць у Растоў-на-Доне. Там яны далучацца да іншых удзельнікаў мотапрабегу. Скончыцца акцыя ў акупаваным Расеяй Севастопалі.

Нагадаем, напярэдадні 9 траўня байкеры наведалі Беларусь, дзе былі сустрэтыя чыноўнікамі ды іншымі афіцыйнымі асобамі. З Менска яны накіраваліся ў Берасце, адкуль збіраліся працягнуць свой шлях у краіны ЕЗ. Польшча і Літва адмовіліся ўпусціць «начных ваўкоў» на сваю тэрыторыю. Прапагандысцкая акцыя пуцінскіх байкераў выклікала пратэст і ў Беларусі. Актывісты правялі перформансы з патрабаваннем адмяніць мотапрабег каля Кургана славы і расейскай амбасады.

Хартыя\’97