Навіны

"Нацыя, як салідарнасць"

Адно з вызначэнняў нацыі – гэта саюз пакаленняў. Такі саюз, на мой погляд, выяўляеца ў салідарнасці дзейсных пакаленняў з будучымі, у тым ліку, і яшчэ ненароджанымі. Стварае гэтую салідарнасць прыклад папярэдніх пакаленняў, іх праца, творчасць, ахвяры дзеля будучых.

Праявы салідарнасці мінулых пакаленняў з нашым, доказы нашага з імі саюза – палацы і замкі, мастацкія творы і цэрквы, бітвы за наш край і паўстанні за яго свабоду.

Але галоўныя доказы – гэта незалежныя дзяржавы нашых продкаў, іх сімвалы, наша адметная ад іншых мова.

Нацыя не можа быць саюзам толькі некалькіх апошніх пакаленняў. Таму, каб умацаваць нацыю, эліты і ўлады любой краіны імкнуцца давесці ўласнаму народу і суседзям доказы яе старадаўняга існавання, зьбіраюць і прапагандуюць факты славутага мінулага.

Але не, не любой.

Я ведаю адну краіну, дзе ўлада ўпарта і паслядоўна даводзіць свайму народу яго гістарычную і дзяржаўную непаўнавартасць, адмаўляеца ад вялікай гісторыі ўласнай нацыі. Цікава, з якой мэтай?

Есць адна асаблівасць, якую трэба ўлічваць пры пабудове і ўмацаванні нацыі. Яна тычыцца нацый, якія раней былі гвалтам уключаны ў склад імперый.

Безумоўна, такая нацыя мае права і абавязак шанаваць дасягненні сваіх продкаў, здзейсненыя пад час яе падпарадкавання. Гэтак жа, як і іх ваенныя подзвігі ў гэты перыяд, бо імперыя можа весці і справядлівыя войны. Але, неабходна ўлічваць, што шанаванне датаў імперскай ваеннай гісторыі часта больш рэанімуе імперскую свядомасць, чым умацоўвае нацыянальную. За выключэннем, безумоўна, імперскай нацыі, якая можа ганарыцца таксама і тым, што прымусіла ваяваць за сябе іншыя народы.

Гэтыя разважанні пададуцца тым, хто мае нацыянальнае пачуццё, нечым банальным. Бо такія людзі і так адчуваюць усё гэта на ўзроўні ўласных рэакцый. Астатнім даводзіцца тлумачыць, бо, без уліку гэтых элементарных прынцыпаў, усе заклікі афіцыёзу да патрыятызму, любові да сваёй краіны і абароны яе назалежнасці з’яўляюцца дарэмным марнаваннем часу і сродкаў, пустым трасеннем паветра.

З турэмных нататкаў Мікалая Статкевіча