Актуальна

Нацыянальная прэмія ў галіне абароны правоў чалавека ў 2014 годзе

Сайт charter97.org абвясціў лаўрэатаў Нацыянальнай прэміі ў галіне абароны правоў чалавека за 2014.

Нацыянальнай прэміяй у абарону правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча ў гэтым годзе ўзнагароджваюцца:

 

Васіль ПарфянкоўВасіль Парфянкоў

Лёс Васіля Парфянкова – дэманстрацыя таго, як у Беларусі распраўляюцца з іншадумцамі. За апошнія чатыры гады Парфянкоў тры разы апынаўся за кратамі за актыўную грамадскую пазіцыю.

Спачатку актывіста арыштавалі за выхад на Плошчу ў дзень прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года. Адседзеўшы амаль год у турме, апазіцыянер выйшаў на волю, але за акцыю салідарнасці з іншымі палітвязнямі быў паўторна арыштаваны на паўгода. Пасля адбыцця другога тэрміну Парфянкова затрымалі ў трэці раз і адправілі ў так званы лячэбна-працоўны прафілакторый (ЛПП). Пад гэтай нейтральнай назвай хаваецца страшная сістэма фактычных канцлагераў. Праз некалькі месяцаў Парфянкова прывезлі з ЛПП у суд і асудзілі на год зняволення ва ўмовах строгага рэжыму за парушэнне правілаў так званага «прэвентыўнага нагляду». 90 адсоткаў часу ў Горацкай калоніі палітвязень правёў у нечалавечых умовах карцэра.

«Я ўсё роўна буду змагацца за свабоду Беларусі», – кажа сёння Васіль Парфянкоў. Прэмія актывісту ўручаецца ў намінацыі «За асабістую мужнасць».

Віталь ГуркоўВіталь Гуркоў

Прэміяй у намінацыі «За смеласць у творчасці» ўзнагароджваецца чэмпіён свету па муай-тай Віталь Гуркоў. Сёння ён з\’яўляецца кумірам беларусаў не толькі праз спартовыя дасягненні. Гэта прыклад мужнасці, нязломнай волі і патрыятызму. Гуркоў адкрыта выказваецца ў падтрымку свабоды Беларусі, яго герой –Кастусь Каліноўскі, яго сцяг – бел-чырвона-белы, а родная мова – беларуская.

Нядаўна спартовец стаў удзельнікам новага гурту Сяргея Міхалка BRUTTO і выканаў песню з прароцкай назвай «Наша возьме!».

Эдуард ЛобаўЭдуард Лобаў

4 гады «ад званка да званка» правёў у зняволенні актывіст «Маладога Фронту» Эдуард Лобаў. Апазіцыянера арыштавалі разам з моладзевым лідарам Змітром Дашкевічам у выніку правакацыі 18 снежня 2010 напярэдадні акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. У жорсткіх і бесчалавечных умовах беларускіх турмаў год ідзе за тры. Прайшоўшы праз усе гэтыя выпрабаванні малады патрыёт застаўся верны сабе і захаваў сваю мару – служыць у войску свабоднай незалежнай Беларусі.

Беларусы маюць права на пратэст і ўлада гэтага баіцца, упэўнены актывіст. Прэмія Эдуарду Лобаву ўручаецца «За асабістую мужнасць».

Антон ЦялежнікаўАнтон Цялежнікаў 

У пачатку 2000-х актывіст руху «Зубр», лідар «Звязу ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі» Антон Цялежнікаў – цяпер рэжысёр дакументальнага кіно. У сваіх фільмах «Беларускі рэзістанс», «Беларусь пад нямецкай акупацыяй», «Гульня ў вайнушку», «Праклятыя і забытыя» рэжысёр зрывае з гісторыі Беларусі хлуслівае покрыва афіцыйнай прапаганды. Шырокую вядомасць Цялежнікаву таксама прынеслі яго кліпы з гістарычнай рэтраспектывай для вядомага рок-гурту «Дзецюкі» – «Лясныя браты» і «Хлопцы-балахоўцы». Падчас здымак у Беларусі аднаго з кліпаў рэжысёр быў затрыманы АМАПам разам з усёй здымачнай групай і музыкамі. Прэмія Антону Цялежнікаву ўручаецца «За смеласць у творчасці».

Нацыянальная прэмія ў абароне правоў чалавека была заснаваная Хартыяй\’97 у 1998 годзе. У розныя гады лаўрэатамі прэміі станавіліся абаронцы намётавага мястэчка на Кастрычніцкай плошчы Менска ў сакавіку 2006 года, палітвязні Алесь Бяляцкі, Аляксандр Казулін, Зміцер Дашкевіч, Міхаіл Марыніч, Павел Севярынец, Мікалай Статкевіч, Андрэй Кім, Сяргей Парсюкевіч, Уладзімір Яроменак, першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, актывістка Беларускага незалежнага прафсаюза Алена Захожая, вернікі, якія ўдзельнічалі ў галадоўцы ў абарону храма пратэстанцкай царквы «Новае жыццё», старшыня камітэта парафіі святога Язэпа ў Менску Івона Мацукевіч, праваабаронцы Валер Шчукін і Галіна Юбко, жонкі зніклых у Беларусі лідараў апазіцыі і журналіста Ірына Красоўская, Зінаіда Ганчар, Святлана Завадская, жонка былога палітвязня Таццяна Клімава-Леановіч, Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, актывіст апазіцыі Уладзімір Плешчанка, абаронцы Курапатаў, творчае аб\’яднанне «Пагоня», Беларускі Свабодны тэатр, музычныя гурты «Ляпіс Трубяцкі» і яе лідар Сяргей Міхалок, «NRM», «Новае неба», закрыты ўладамі Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа, журналісты Анджэй Пачобут, Павел Мажэйка, Мікола Маркевіч, Віктар Івашкевіч, Любоў Лунёва, Юрась Карманаў, Марына Коктыш, Генадзь Барбарыч, Юлія Дарашкевіч, праваабаронцы Яна Палякова і Таццяна Новікава, прафсаюзны лідар Генадзь Фядыніч, шведскія пілоты Томас МазэцціПэр Кромвэл і Ханна Фрэй, палітычныя зняволеныя ў «справе 19 снежня», ініцыятыва «Вызваленне» і іншыя вядомыя грамадскія дзеячы, палітыкі, журналісты.

Хартыя\’97