Надыдзе час вялікіх пераменаў
Навошта я вырашыў удзельнічаць у выбарах? У той час як у нашай краіне амаль 19 гадоў аніякіх выбараў няма? Піша Анатоль Букас.
Калі лідэр аргкамітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), былы кандыдат у прэзыдэнты Мікола Статкевіч сядзіць у турме? Калі многія актыўныя беларусы таксама знаходзяцца за кратамі за тое, што прагнуць свабоды і лепшага жыцьця? Калі вядомыя палітыкі, экс-кандыдаты ў прэзыдэнты Саньнікаў, Вус, Казулін атрымалі розныя тэрміны зьняволеньня, і потым выйшлі на свабоду пад націскам міжнароднай супольнасьці? А, напрыклад, Уладзімір Някляеў ледзь-ледзь ня быў забіты супрацоўнікамі сілавых структураў пасьля мінулых прэзыдэнцкіх выбараў?
Хачу сказаць, што як намесьнік старшыні вышэйзгаданага аргкамітэту я перш-наперш павінен выконваць партыйны абавязак. А яшчэ — падтрымліваць свайго лідэра Мікалая Статкевіча, які нават з турмы заклікае сацыял-дэмакратаў, нягледзячы ні на што, браць удзел у парлямэнцкай кампаніі.
Сёньня большасьць выбарцаў кепска арыентуецца ў віры брутальнай інфармацыі, якая льецца з экранаў беларускага тэлебачаньня і афіцыйных газэт. Таму мне, як рэдактару недзяржаўнага штотыднёвіка «Барысаўскія навіны» з дваццацігадовай гісторыяй, распаўсюд якога праз шапікі Менаблсаюздруку забаронены яшчэ ў траўні 2005 году, будзе вельмі прыемна сустракацца з працоўнымі калектывамі барысаўскіх прадпрыемстваў, каб расказаць, што адбываецца ў нашай краіне. І гэта будзе праходзіць у адпаведнасьці з Выбарчым кодэксам. Пагадзіцеся, нельга страчваць такую магчымасьць.
Разам з тым у мяне зьявіцца шанец, як і мінулым разам, выкрыць факты маніпуляцыі з галасамі выбарцаў, калі зноў будзе запушчана дзяржаўная машына фальсыфікацыі вынікаў выбараў. Тут, як кажуць, да бабкі не хадзі, што мясцовыя ўлады возьмуць «пад казырок» і зробяць усё магчымае і немагчымае, каб прывесьці ў «палатку» тых людзей, на якіх пакажа пальцам старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. Калі б гэта было па-іншаму, дык яна б даўно пазбавілася сваёй пасады.
Памятаеце, у мінулую кампанію прэзыдэнт Лукашэнка на перадвыбарчай нарадзе даў парады: колькі адсоткаў жанчын павінна прыйсьці ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. І як ні дзіўна, але Ярмошына выканала загад кіраўніка дзяржавы, і быццам бы выбарцы абралі дэпутаткамі столькі жанчын, колькі раіў (?!) Аляксандар Рыгоравіч.
Ведаеце, мне часам вельмі сорамна за так званых «дэпутатаў», якія прымаюць законы не на карысьць выбарцаў, а на ўтрыманьне ўлады адным чалавекам. Але ж калі «абраньнікі народу» ня будуць гэтага рабіць, дык ніхто ня будзе трымаць іх у заканадаўчым органе.
Усе разумеюць, што гэтыя хібы неяк трэба выпраўляць і рухацца ў напрамку цывілізаваных краінаў Эўразьвязу. Калі ж у Палату прадстаўнікоў ня прыйдуць сьвежыя сілы і нічога ў нас ня зьменіцца ў лепшы бок, дык Беларусь можа паўтарыць лёс Сырыі, дзе прэзыдэнт Асад разьвязаў вайну з уласным народам дзеля ўтрыманьня ўлады. Барані нас Божа ад усяго гэтага!
Анатоль БУКАС, Барысаў