Палітыка

Надзею Саўчанку даставяць на пасяджэньне суда ў Маскве

10 Лютага Басманны суд Масквы разгледзіць хадайніцтва сьледчых аб падаўжэньні арышту Надзеі Саўчанкі. Украінская лётчыца з 13 сьнежня на знак пратэсту галадае. На сайце «Новай газэты» пачаўся збор подпісаў пад зваротам да прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна. Расейскія грамадзяне просяць вызваліць Надзею Саўчанку, зьвяртаючы ўвагу на тое, што доўгае галаданьне ўжо прывяло да значнага пагаршэньня яе здароўя.

Сьледчы камітэт Расеі ня будзе закрываць крымінальную справу ў дачыненьні да ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі. Пра гэта напісаў у сваім мікраблогу Твітэр адзін з адвакатаў абвінавачанай Марк Фэйгін. Між тым стан здароўя Саўчанкі штодня пагаршаецца. Пра гэта гавораць яе адвакаты і праваабаронцы. Журналіст, сябра грамадзкай назіральнай камісіі за месцамі прымусовага ўтрыманьня грамадзянаў Зоя Сьветава неаднаразова пісала пра тое, што акрамя ўтрыманьня пад вартай, ёсьць іншыя меры, якія ня будуць перашкаджаць сьледчым дзеяньням, але дазволяць захаваць украінскай лётчыцы жыцьцё і здароўе. Хоць, па словах Сьветавай, у сьледзтва няма доказаў віны Саўчанкі.

«Я ўпэўненая, што гэта справа Надзеі Саўчанкі ў судзе рассыплецца, таму што ў яе ёсьць абсалютнае алібі, што яна не забівала расейскіх журналістаў, і яе алібі ў тым, што яна не перасякала сама расейска-ўкраінскую мяжу — яе вывезьлі», — падкрэсьліла Сьветава.

Зоя Сьветава разам зь пісьменьніцай Людмілай Уліцкай сталі ініцыятарамі звароту да Ўладзімера Пуціна. У лісьце расейскага прэзыдэнта заклікаюць праявіць міласэрнасьць. Разам зь іншымі праваабаронцамі Зоя Сьветава нядаўна наведала Надзею Саўчанку ў СІЗА «Матроская цішыня» і лічыць, што пагроза яго жыцьцю не зьяўляецца перабольшаньнем.

«Я перакананая, што яе далейшае ўтрыманьне пад вартай пагражае яе жыцьцю. І тут гаворка ідзе ўжо пра міласэрнасьць», — кажа Зоя Сьветава.

«Яна чалавек горды, перакананая ў сваёй пазыцыі, у сваёй невінаватасьці»

Сярод тых, хто ўжо падпісаў зварот да прэзыдэнта Пуціна, вядомыя прадстаўнікі рускай інтэлігенцыі. Пісьменьнік Віктар Шандаровіч,публіцыст Леў Рубінштэйн, выдавец Ірына Прохарава, рэжысэр Уладзімер Мірзоеў. Вядомая акторка Алена Коранева, якая таксама паставіла свой подпіс пад лістом, у інтэрвію Радыё Свабода сказала, што гаворка ідзе пра выратаваньне Надзеі Саўчанкі.

«Яна чалавек горды, перакананая ў сваёй пазыцыі, у сваёй невінаватасьці. Яе абгаварылі і трымаюць па палітычных меркаваньнях і наогул ператварылі яе ў абвінавачваную. Я разумею, што ёсьць пагроза яе жыцьцю, і яе трэба ратаваць», — адзначыла Коранева.

Раней да Уладзімера Пуціна ўжо зьвяртаўся адзін з адвакатаў Саўчанкі Марк Фэйгін. Напярэдадні ён зьвярнуўся ў Эўрапейскі суд па правах чалавека з просьбай разгледзець справу Надзеі Саўчанкі ў тэрміновым парадку, улічваючы пагрозу яе жыцьцю.

У Расеі Саўчанку абвінавачваюць у датычнасьці да гібелі расейскіх журналістаў на Данбасе. У ліпені мінулага году Саўчанку ўзялі пад варту ў Расеі пасьля таго, як яе, захопленую ў палон сэпаратыстамі, перавезьлі празь мяжу і перадалі расейскім сілавікам. Паводле дадзеных абароны, яна трапіла ў палон да гібелі расейцаў і таму не магла быць датычнай да гібелі журналістаў. 26 студзеня Саўчанку зарэгістравалі як дэлегата ПАРЭ, ёй надалі міжнародны імунітэт. Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы заклікала ўладу Расеі вызваліць складзеную ў гэтай краіне грамадзянку Ўкраіны Саўчанку.

Радыё Свабода