2020АктуальнаГрамадская акцыя

Народны карантын у Беларусі падаўжаецца да канца красавіка

Лідэры беларускай апазіцыі і грамадскія дзеячы выступілі з новым зваротам да грамадзянаў Беларусі. Прыводзім яго тэкст цалкам:

«Дарагія суайчыннікі,

Упершыню ў сваёй найноўшай гісторыі Беларусь апынулася ў сітуацыі, калі смяротная небяспека пагражае кожнаму жыхару нашай краіны. Пандэмія COVID-19, якая ахапіла ўвесь свет не абышла бокам і нас. Расце колькасць выпадкаў заражэння каранавірусам, і расце смяротнасць.

Мы выказваем шчырыя спачуванні родным і блізкім людзей, якія загінулі ад гэтай страшнай хваробы.

Наша краіна апынулася ў больш складаным становішчы, чым усе нашы суседзі і ўсе еўрапейскія дзяржавы, праз злачынныя паводзіны ўладаў. Лукашэнка дэманструе сваю поўную неадэкватнасць перад тварам смяротнай небяспекі і робіць усё, каб падстаўляць людзей пад усё большую рызыку. Запалоханыя чыноўнікі, разгубіўшы ўсе прыкметы чалавечай годнасці, актыўна спрыяюць дыктатару, ні ў грош не ставяць жыццё людзей.

Самае подлае, што робіць сёння незаконная ўлада ў Беларусі, – яна хавае праўду. Не верце прапагандыстам, якія паўтараюць нам, што хлусня закліканая прадухіліць паніку. Хлусня, а асабліва хлусня на дзяржаўным узроўні, вядзе толькі да павелічэння колькасці ахвяр каранавіруса.

Эпідэмія каранавіруса чарговым разам прадэманстравала, наколькі злачынная ўлада ў Беларусі. Аднак гэтым разам усе галіны ўлады на ўсіх яе узроўнях чыняць асабліва цяжкія злачынствы. Злачынствы супраць жыцця чалавека. Іх дзеянні падпадаюць пад артыкулы Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, пад артыкулы міжнародных дакументаў, удзельніцай якіх з’яўляецца наша краіна.

У дэмакратычнай дзяржаве генеральны пракурор ужо даўно выдаў бы ордэр на арышт кіраўніка-самадура, праваахоўныя органы выканалі б свае функцыі і арыштавалі злачынных чыноўнікаў, а войска б было мабілізаванае для дапамогі людзям у смяротна небяспечны перыяд эпідэміі.

Мы толькі ўваходзім у самы небяспечны перыяд эпідэміі. Нам усім спатрэбіцца мужнасць, каб працягнуць самім абараняць сябе і сваіх блізкіх пры бяздзейнасці і нават супраціве ўладаў.

Сотні тысяч беларусаў удзельнічаюць у Народным карантыне, робяць захады бяспекі, дапамагаюць адзін аднаму, распаўсюджваюць праўдзівую інфармацыю.

Народны карантын павінен быць прадоўжаны.

У Беларусі шмат прыкладаў бескарыслівай дапамогі падчас эпідэміі, гэтым мы і моцныя. Сёння як ніколі трэба дапамагчы нашым лекарам і медыцынскаму персаналу. А галоўная дапамога ім – пазбягаць заражэння вірусам.

Вялікай удзячнасці заслугоўваюць ўсе тыя, хто рызыкуюць сваім здароўем, абслугоўваюць нас і нашы патрэбы, прадаючы і дастаўляючы нам прадукты, займаючыся пасажырскімі і грузавымі перавозкамі, забяспечваючы функцыянаванне нашых гарадоў і вёсак, нашых дамоў.

Па-ранейшаму, асаблівай увагі патрабуюць паджылыя людзі, рызыка для якіх толькі падвышаецца праз злачынную бяздзейнасць уладаў.

Мы заклікаем грамадзян Беларусі падоўжыць Народны карантын да канца красавіка.

Злачынствам уладаў павінна супрацьстаяць наша салідарнасць, узаемадапамога, дабрачыннасць, клопат пра сваіх сяброў, блізкіх, пажылых людзей.

Жыве Беларусь!

Уладзімір Някляеў, паэт, старшыня руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі», экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі

Андрэй Саннікаў, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі

Павел Севярынец, сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі

Мікалай Статкевіч, старшыня партыі «Народная грамада», экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі

Юры Хашчавацкі, кінарэжысёр

Хартыя97

Фота БЕЛТА