Навіны

Назіральнікаў Сяргея Марцэлева і Арыну Лісецкую да 21:00 трымалі ў аддзеле крымінальнага вышуку Фрунзенскага РУУС Мінска

23 верасня каля 13-й гадзіны Лісецкая на сваім участку заўважыла сітуацыю, падобную на “карусель”, калі адны і тыя ж людзі галасуюць на некалькіх пунктах. Яна выйшла з участку, каб зрабіць некалькі здымкаў. Калі праз некаторы час яна не вярнулася, яе пайшоў шукаць Сяргей Марцэлеў і таксама знік. Пра іх месцазнаходжанне не было нічога вядома.

Як паведаміла БЕЛАПАН Лісецкая, яна ўбачыла на сваім участку жанчыну, якую яна візуальна пазнала — гэта жанчына ўжо галасавала ў яе прысутнасці. “Я зрабіла гэтай жанчыне заўвагу, што яна ўжо прагаласавала. На гэта яна не адрэагавала і прагаласавала яшчэ раз. Тады я ўзяла фотаапарат і выйшла з участку, каб яе сфатаграфаваць. Убачыла там яшчэ некалькі жанчын, таксама візуальна знаёмых па працэсе галасавання, яны сядзелі ў мікрааўтобусе. Я зрабіла некалькі здымкаў, пасля чаго жанчыны мяне пазналі, выйшлі з мікрааўтобуса, а да мяне прыскокнулі людзі ў цывільным і ў гэты аўтобус запхнулі. Да гэтага часу за мной выйшаў Сяргей Марцэлеў — яго ўзялі таксама”, — сказала Лісецкая.

Па словах Марцэлева, іх затрымалі оперупаўнаважаныя крымінальнага вышуку Фрунзенскага раёна і завезлі ў міліцыю. “Да нас спачатку прад\’явілі прэтэнзіі, што мы ішлі па вуліцы і лаяліся мацюком. Абшуквалі рэчы, нічога не знайшлі, потым трымалі без прад\’яўлення абвінавачвання, без пратаколаў, і толькі ў 21:00, праз гадзіну пасля закрыцця выбарчага ўчастку, нас адпусцілі”, — паведаміў ён.

Лісецкая таксама адзначыла, што фатаграфіі яна захавала: “Я паспела перадаць флэш-карту з адздыманым матэрыялам надзейнаму чалавеку. Заўтра-пазаўтра здымкі будуць распаўсюджаны. Я бачыла гэтых жанчын на відэа, знятае на іншым участку падчас галасавання. Такім чынам, у нас ёсць доказы паўторнага галасавання і ўжыванні “каруселі”.