Ня крыўдзіць герояў
Віктар Марціновіч: Мяне шакаваў артыкул Ігара Марозава ў «Народнай волі», які быў перадрукаваны «Хартыяй 97». Мяне зьбянтэжыла стылістыка гэтага артыкула, яго лёгіка і нават этыка. Гэта той выпадак, калі, у празе адстаяць уласную пазыцыю, аўтар забыўся на элемэнтарную людзкасьць.
Літаральна з першых словаў відаць, што Ігар Марозаў хутчэй выступае за байкот. Аб гэтым сьведчыць назва: «Шок: каманда Статкевіча ідзе на выбары», якая прапануе лічыць палітычны ўдзел нечым, вартым «шоку».
«Дзіўная атрымоўваецца сытуацыя, — сьведчыць Ігар Марозаў. — Шэраг партый галоўнай умовай свайго ўдзелу ў парлямэнцкіх выбарах называюць вызваленьне палітвязьняў, а калі гэтага не адбудзецца, зьбіраюцца аб’явіць выбарам байкот, у той жа час партыйцы, лідэр якіх — Мікалай Статкевіч — знаходзіцца за кратамі, ад байкоту адмовіліся».
Гэта першы прыклад перакуленай лёгікі, бо ў артыкуле прызнаецца, што адмовіцца ад байкоту партыйцы вырашылі паводле закліку самога Статкевіча. «Перакуленасьць» лёгікі палягае ў тым, што насамрэч сытуацыя выглядае так: у прыхільнікаў байкоту, якія дагэтуль грунтавалі плённасьць сваёй стратэгіі інтарэсамі палітычных зьняволеных, значна паменела аргумэнтаў. Бо Мікалай Статкевіч — чалавек, які знаходзіцца за кратамі, выказаўся за адмову ад байкоту.
Дык што тут «дзіўнага», спадар Марозаў? Тое, што партыя Статкевіча за ўдзел? Ці тое, што прыхільнікі байкоту спрабуюць не заўважыць пазыцыю зьняволенага кандыдата ў прэзыдэнты?
Ігар Марозаў цытуе ліст Статкевіча, ў якім зьняволены кандыдат у прэзыдэнты сьведчыць, што дэмпартыі павінны ў тым ліку «выконваць свае клясычныя функцыі. Маецца на ўвазе ўдзел у бліжэйшых парлямэнцкіх выбарах, які лічу абавязковым». «Няўдзел апазыцыі ў выбарах не зьяўляецца нагодай для іх міжнароднага непрызнаньня, гэтак жа, як удзел не зьяўляецца нагодай для іх прызнаньня» — цытуе Марозаў Статкевіча.
Далей мы бачым адзін з прыкладаў клясычнай стылістычнай маніпуляцыі. «Працытаваўшы ў сваёй рэзалюцыі апошні радок з ліста Статкевіча, ягоныя аднапартыйцы прынялі рашэньне ўдзельнічаць у выбарах», — сьведчыць аўтар. З гэтай фразы вынікае, што Статкевіч нібыта супраць удзелу, а працытаваны ў рэзалюцыі «апошні радок» вырваны з кантэксту. Дык то не так! Статкевіч — менавіта за «абавязковы ўдзел у выбарах», ягоныя паплечнікі ў дадзеным выпадку нічога не сказілі. Уводны сказ «пра першы радок» не мае сэнсу.
Асобнай увагі заслугоўвае наступны пасаж: «Цікава, што свае рашэньне аргкамітэт па стварэньні „Народнай грамады“ абгрунтоўвае пазыцыяй свайго лідэра, выкладзенай у лістах на волю, хаця невядома, ці маглі б прайсьці турэмную цэнзуру лісты іншага зьместу».
Што хацеў сказаць гэтай фразай паважаны аўтар? Тое, што Статкевіч — чалавек, які не першы раз за кратамі за ўласныя погляды, напісаў ліст толькі для таго, каб гэты ліст прапусьціла цэнзура? Ці можа паважаны Ігар Марозаў намякае на тое, што да такой пазыцыі Статкевіч быў змушаны? Статкевіч, той самы Статкевіч, які дагэтуль не падпісаў паперкі з заклікам да прэзыдэнцкай літасьці — ў адрозьненьне ад некаторых прыхільнікаў байкоту? Дык ці маеце вы права, спадар Марозаў, разважаць пра тое, якія лісты гэтага чалавека маглі прайсьці цэнзуру, а якія — не?
Далей — яшчэ прыклад маніпуляваньня: «Цікава, што адразу пасьля зьяўленьня гэтага паведамленьня на сайце Статкевіча, да яго зьявіўся кароткі камэнтарый ад нейкага Улада: «Ганьба!».
На прыкладзе гэтага камэнтарыя нам, здаецца, прапанавана лічыць, што Сеціва паставілася да прапановы Статкевіча крытычна. Аднак хацеў бы зазначыць: да кожнага артыкула, уключна з гэтымі маімі разважаньнямі, прыходзіць шмат розных водгукаў. Частка зь іх утрымлівае абразы, крытыку, папрокі ў ганьбе. Аднак другая частка выказвае падтрымку. Выдзіраць з тузіну адзін «камэнтарый» і прапаноўваць яго ў якасьці адзнакі ўсёй ініцыятывы — непрыгожы прыём.
Далей — самая дзікая частка. «Паспрачацца з Інтэрнэт-камэнтатарам, нібы Надзея Крупская за палітычную спадчыну Леніна, вырашыла жонка Статкевіча — Марына Адамовіч», — у прыліве натхненьня фармулюе аўтар. Ён бы яшчэ з Чаўшэскам Статкевіча параўнаў! Ці з Гітлерам — а што, галоўнае, каб у чытача эмоцыя дрэнная пайшла. Бо Статкевіч супраць байкоту, а таму трэба зь яго сьмяяцца!
Нічога, што Марына Адамовіч чакае мужа з турмы? Нічога, што за яе некаму заступіцца? Некаму абараніць ад абразьлівых параўнаньняў з Крупскай?
Але аўтар працягвае кпіць з жанчыны. Ён цытуе яе рэпліку: «Калі падтрымаць лідэра, які і ў турме пасьлядоўны ў імкненьні скарыстоўваць любыя легальныя магчымасьці — ганьба, то што ж тады гонар?! Падтрымаць тых, хто зьбіраецца „змагацца за вызваленьне палітвязьняў“ мэтадамі, якія галоўны з іх — Мікола Статкевіч — не ўхваляе?! Божа! Якая перавернутая сьвядомасьць!!»
Далей ён не цураецца перадражніць жанчыну: «Сапраўды, нейкая перавернутая і незразумелая сытуацыя. Асабліва калі ўлічваць, што больш ні адзін іншы палітзьняволены, акрамя Статкевіча, проста не меў магчымасьці напісаць з-за кратаў якіх-небудзь палітычна-значных лістоў».
Тут, замест адказу па сутнасьці на спакойны і слушны камэнтар Марыны Адамовіч, мы бачым яшчэ адзін намёк на тое, што Статкевіч быў несамастойны ў закліках на ўдзел, што яму «далі» пра гэта напісаць.
Зразумела, што пазыцыі прыхільнікаў байкоту пахіснуліся. Зразумела, што зараз — пасьля агучанага намеру ўдзельнічаць у выбарах прыхільнікаў Статкевіча, брэнд байкоту наогул страціў усякі сэнс, бо агульнай кампаніі ўжо гарантавана не будзе, а частковы байкот страціў уласнае этычнае абгрунтаваньне (клопат пра палітвязьняў). Дадам, што Статкевіч быў за ўдзел у выбарах нават падчас няўдалай спробы байкоту ў 2000 годзе. Тады ягоныя нядобразычліўцы нават абвінавацілі яго ў тым, што ён працуе на спэцслужбы. Гісторыя паўтараецца. Толькі ў значна больш трагічных дэкарацыях.
Быць можа, сайт быў узламаны? Быць можа, гэты тэкст быў сакрэтнай паліттэхналягічнай правакацыяй прыхільнікаў удзелу ў выбарах? Выдалі артыкул, напісаны як быццам бы ад імя аўтара-«байкаціста», аднак напісалі так падступна, што адзіная выснова пасьля чытаньня — трэба пашкадаваць Марыну Адамовіч ды зьяднацца вакол пазыцыі Статкевіча.
Ва ўсіх іншых выпадках хочацца парадзіць аўтару ня крыўдзіць герояў.