Актуальна

Някляеў: У разуменні Лукашэнкі культура – гэта «Славянскі базар»

А тое, што ёсць Святлана Алексіевіч, – не стасуецца з разуменнем культуры дыктатара.

Чаму ў Беларусі расейскага кампазітара-спевака ці поп-выканаўцы ўлады шануюць вышэй за нобэлевых лаўрэатаў? Чаму ўлады не ганарацца тым, што ў краіне ўпершыню з\’явіўся лаўрэат Нобэлевай прэміі, а нават выказваюцца пра яго негатыўна?

Паэт і палітык Уладзімір Някляеў кажа «Радыё Свабода», што за ўсю гісторыю савецкай і постсавецкай літаратуры не было ніводнага выпадку, каб сур\’ёзнымі міжнароднымі ўзнагародамі, прэміямі адзначаліся людзі, якія служылі савецкім і пазнейшым дыктатарам. І яны аўтаматычна станавіліся ў шэрагі непрыяцеляў гэтых рэжымаў. І падаў прыклад: ніВасіль Быкаў, ні Рыгор Барадулін, якія вылучаліся на прэмію Нобэля, не падтрымалі рэжым Лукашэнкі, публічна называючы яго антыбеларускім. І ў гэтым кантэксце Святлана Алексіевіч стаіць на тых жа пазіцыях: яна з самага пачатку не прымала рэжым Лукашэнкі, і Лукашэнка першапачаткова не прымаў творчасць Святланы Алексіевіч, кажа Уладзімір Някляеў:

«Ён не можа ўплываць на пашырэнне вядомасці Алексіевіч у свеце і зайздросціць страшэнна (а ён зайздрослівы чалавек) ейнай славе. І калі дагэтуль Беларусь пазнавалася выключна праз гэты дыктатарскі знак, які называўся «Лукашэнка», то цяпер краіна пачала пазнавацца яшчэ і праз Алексіевіч, якая супрацьстаіць Лукашэнку. І гэты знак – Алексіевіч – успрымаецца як вобраз беларускай культуры, як вобраз дэмакратыі, як знак існавання свабоднай думкі. Найперш. І тут Лукашэнку западае клямка: як, дагэтуль быў толькі ён, а тут з\’явіўся яшчэ нехта, чые словы не толькі набылі вагу, раўназначную ягоным перлам, але і перасягнулі іх?»

І тут усё разам сплялося ў тым, што Лукашэнка выказаў, чапляючы ордэн на грудзях чалавека, які абсалютна не мае ніякага дачынення ні да беларускай культуры, ні да беларускай гісторыі. У разуменні Лукашэнкі, Алексіевіч – гэта проста чалавек, які піша кнігі, мяркуе Някляеў:

«А вось чалавек, якому ён ордэн даў, стаіць на сцэне, яму ўсе на «Славянскім базары» ў Віцебску пляскаюць у далоні. У ягоным разуменні культура – гэта і ёсць «Славянскі базар». А тое, што ёсць Алексіевіч, – не стасуецца з ягоным разуменне культуры, бо ён ніколі – я перакананы – нічога з ейных твораў не чытаў, як не чытаў нічога Быкава, Караткевіча, Барадуліна. Ён чалавек далёкі ад культуры. Таму ягонае сяброўства – у сфэры папсы, і ніколі з людзьмі сапраўднай культуры ён не пачуваўся выгодна. Гэта заўважалася на ўсіх сустрэчах, на якіх я назіраў яго зблізку і здалёку, і ў гэтым ён застаецца нязменным».