Няшчасны выпадак на Купальле: 2 чалавекі ў рэанімацыі
5 чалавек патрапілі ў шпіталь. Няшчасны выпадак здарыўся
ў ноч з 6 на 7 ліпеня ў Бабры (Крупскі раён Менскай вобласьці). Фота 2012 г.
Удзельнікі рабілі крупнік. Агонь падхапіў сьпірт, які мастак Алесь Пушкін заліваў у чан.
У выніку апёкі атрымалі як найменей пяць чалавек. У шпіталь патрапілі 2 хлопцы і 3 дзяўчыны. У Крупскім шпіталі Радыё Свабода заявілі, што хлопцаў ужо выпісалі. Дзьве дзяўчыны знаходзяцца ў рэанімацыі, а адна – у хірургічным адзьдзяленьні.
У міліцыі Крупскага раёну паведамілі Радыё Свабода, што Алеся Пушкіна ў іх няма. Супрацоўнікі МУС заявілі, што расьсьледаваньнем справы займаецца Сьледчы камітэт.
Відавочцы кажуць, што пасьля таго, як агонь падхапіў сьпірт, які залівалі ў крупнік, узьняўся вялікі вогненны шар. Удзельнікі сьвяткаваньня выклікалі «хуткую», але яна доўга ня ехала. Людзі на сваіх машынах адвозілі пацярпелых у шпіталь.
Алесь Пушкін:
– Адбылося чыста па маёй уласнай віне, бо я забыўся, што спірт і бензін вельмі небяспечныя для вогнішча рэчы. Пацярпела два хлопцы, у лёгкай ступені, і тры дзяўчыны – мама, 14-гадовая яе дачушка і дзяўчына Паліна. Дзве з гэтых трох зараз ляжаць у Крупскай рэанімацыі. Лекары вырашаюць, ці іх у Менск накіраваць, ці яны ў Крупках палечацца.
Алесь Пушкін ранкам склаў паказанні для міліцыі як арганізатар мерапрыемства.
– Мы адразу на дзвюх машынах завезлі пацярпелых. Я сам асабіста іх завёз. Мая сястра Света, медык, была з дзяўчынамі, а я з хлопцамі. Я дачакаўся міліцыі. Спачатку пацярпелым аказалі першую медычную дапамогу, а затым выклікалі міліцыю. Таму што трэба заяўляць – пацярпела пяць чалавек. Я дачакаўся дзяжурнага падпалкоўніка Крупскага РАУС. Даў першы паказанні. Потым яны перапісалі паказанні ўсіх астатніх сведкаў – 8 чалавек. Затым Следчы камітэт прыехаў на месца і ўсё зафатаграфаваў і апісаў.
Агулам на свяце Купалля ў Бабры прысутнічала каля 120 чалавек. “Такое маштабнае мерапрыемства неабходна праводзіць пад наглядам адпаведных службаў. Я дапусціў халатнасць і прымаю на сябе адказнасць за тое, што сталася,” – сказаў Алесь Пушкін.
Алесь Пушкін:
– Купалле – гэта вогненнае свята. І арганізатар Купалля, Пушкін, дапусціў халатныя адносіны да супрацьпажарнай бяспекі. Уласнаручна гатаваў крупнік паблізу вогнішча. Людзі нахіліся – глядзелі як я гэта раблю. І пары спірту ўспыхнулі ад іскры. Пацярпелі людзі. Апёкі першай і другой ступені. Не твар. Спіна, жывот, рукі – локці, кісці рук.
Алесь Пушкін не ўхіляецца ад адказнасці. Ранкам мастак наведаў царкву.
– Хадзілі сёння раніцою ў царкву. Мы былі там з кіраўніком гэтай моладзевай групы. Памаліліся. Я спавядаўся, прычашчаўся. Па сутнасці я ўсведамляю, што я зрабіў. Буду зараз пакорліва чакаць вырашэння майго лёсу.
Сам Алесь Пушкін не пацярпеў ад апёкаў.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя