Навіны

Офіс еўрадэпутата Мігальскага пачаў акцыю салідарнасці са Статкевічам і Дашкевічам

Офіс еўрадэпутата ад Польшчы Марэка Мігальскага 27 кастрычніка пачаў кампанію «Свабода x 2» — акцыю салідарнасці з двума беларускімі палітзняволенымі: кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2010 года Мікалаем Статкевічам і лідарам «Маладога фронту» (зарэгістраваны ў Чэхіі) Дзмітрыем Дашкевічам.

Раней Мігальскі браў шэфства над Дзмітрыем Бандарэнкам і Сяргеем Каваленкам, адзначаецца ў паведамленні офіса еўрадэпутата. Мігальскі «арганізаваў кампанію з мэтай вызваліць Бандарэнку і Каваленку, пастаянна нагадваючы пра іх на міжнароднай арэне».

«На шчасце, абодвух вызвалілі з калоній, і цяпер яны знаходзяцца са сваімі сем\’ямі. Так, прыйшоў час аказаць дапамогу наступным вязням сумлення, патрабаваць вызвалення і рэабілітацыі тых, у каго цяпер найбольш цяжкае становішча», — гаворццца ў прэс-рэлізе.

У рамках акцыі створаны сайт www.2free.eu, на якім можна знайсці інфармацыю аб становішчы Дзмітрыя Дашкевіча і Мікалая Статкевіча, аб дзеяннях, якія ажыццяўляе дэпутат, а таксама аб акцыях, арганізаваных яго офісам. На сайце размешчана петыцыя да кіраўнікоў дзяржаў — членаў ЕС, каб яны «нястомна нагадвалі аб тых беларускіх вязнях сумлення, якіх пераследуюць, уціскаюць і з якімі жорстка абыходзяцца ў калоніях».

Разам з Мігальскім аўтарамі петыцыі сталі жонка Статкевіча Марына Адамовіч і нявеста Дашкевіча Анастасія Палажанка.

БелаПАН