Навіны

ПАЎСТАГОДДЗЯ ТУРМЫ

У мінулым – дыктатар, а цяпер – пажыццёвы вязень, якому аргентынскі суд прысудзіў яшчэ 50 гадоў турмы. Былы кіраўнік хунты Хорхэ Відэля і ягоныя паплечнікі, якія ў час свайго кіравання ператварылі краіну ў адну вялікую турму, з турмы ўжо ніколі не выйдуць.

Глядзець тут Агляд падзеяў замежжа


Паўстагоддзя за кратамі за сістэматычны крадзеж дзяцей сваіх палітычных апанентаў. Аргентынскі суд агучыў яшчэ адзін вырак былому дыктатару Хорхэ Відэля. Зрэшты, прысуд мае хутчэй сімвалічны характар: 87-гадовы Відэля ўжо адбывае пажыццёвае зняволенне за злачынствы супраць чалавецтва. У час вайсковай дыктатуры другой паловы сямідзясятых мінулага стагоддзя ён праводзіў палітыку жорсткага задушэння апазіцыі. Ахвярамі тагачасных рэпрэсіяў, якія аргентынцы нават нараклі “Бруднаю вайною”, сталіся да трыццаці тысячаў чалавек. Разам з Відэля працяглыя турэмныя тэрміны атрымалі яшчэ дзесяць чалавек, у тым ліку і апошні дыктатар Аргентыны Рэйнальда Біннёнэ, таксама датычны да крадзяжу дзяцей у дысідэнтаў і апазіцыянераў.

ЗА ГВАЛТ ТРЭБА АДКАЗВАЦЬ

Яшчэ адзін гучны вырак – гэтым разам у Італіі. Вярхоўны суд краіны прызнаў вінаватымі цэлы шэраг высокапастаўленых сілавікоў у справе аб гвалце ў дачыненні антыглабалістаў у час саміту “Вялікай васьмёркі” ў Генуі ў ліпені 2001 г. Вырак беспрэцэдэнтны, бо адхіляе ад пасадаў дзейнае кіраўніцтва нацыянальных праваахоўных органаў. У выніку шматгадовага разбору дзясяткі высокапастаўленых паліцыянтаў атрымалі і турэмныя тэрміны. Аднак ад кратаў іх уратаваў дзейны ў Італіі гэтак званы “тэрмін даўніны”, і таму замест волі асуджаныя сілавікі пазбавяцца сваіх пасадаў. Суд высветліў, што ў ноч на 21 ліпеня 2001 г. у час саміту ў Генуі паліцыя напала і жорстка збіла 63 антыглабалістаў, якія былі ў адной з мясцовых школаў. 92 чалавекі пасля пагрому былі беспадстаўна арыштаваныя.

ПАПЛЕЧНІКАЎ УСЁ МЕНШ

З карабля, які ідзе на дно, як вядома, бягуць пацукі. А вось ад дыктатараў уцякаюць высокапастаўленыя вайскоўцы. Генерал Мустафа Тлас, адзін з найбліжэйшых паплечнікаў сірыйскага прэзідэнта Башара аль-Асада і камандзір элітнай Рэспубліканскай гвардыі, збег у Парыж, дзе жыве ягоны бацька, былы сірыйскі міністр абароны. Інфармацыю пацвердзіла кіраўніцтва МЗС Францыі ў час сустрэчы гэтай званай Групы сяброў Сірыі. Напачатку ж паведамлялася, што Мустафа Тлас схаваўся ў суседняй Турэччыне, дзе ўжо апынуліся каля 700 сірыйскіх вайскоўцаў-дэзерціраў, у тым ліку два дзясяткі генералаў.

ВЫБАРЦАЎ… З’ЕЛІ

Урад Папуа-Новай Гвінеі вымушаны працягнуць выбары ў органы самакіравання гораду Маданг і ваколіцаў з-за масавай няяўкі выбарцаў. Напярэдадні сямёх з іх з’елі мясцовыя канібалы. Цяпер людзі баяцца выходзіць на вуліцу. Тым часам паліцыя затрымала 29 падазраваных, сярод якіх 13-гадовы падлетак. Непасрэдна ў забойствах абвінавачваюцца толькі 12 чалавек, аднак усе арыштаваныя належаць да мясцовай секты канібалаў. Людажэры патлумачылі, што спрабавалі спыніць вымагальніцтва самаабвешчаных ведзьмакоў, якія патрабавалі грошай ад людзей, хворых на малярыю. Калі не дапамаглі словы, у справу пайшлі зубы. Як сцвярджаюць канібалы, выявіць ведзьмака ім дапамагалі духі.

МОЎНЫ АНТРАКТ

Перапынак у моўным супрацьстаянні прынамсі дэпутатаў Вярхоўнай Рады Украіны. Сёння парламентарыі нашых паўднёвых суседзяў мелі апошні дзень перад летнімі вакацыямі. Скандальны закон, які надаваў расейскай мове статус рэгіянальнай і ўжо выклікаў масавыя акцыі пратэсту, гэтак і застаўся не падпісаны. Паводле заканадаўства, свой подпіс пад дакументам найперш мусіў паставіць спікер Рады Уладзімір Літвін, які ўчора заявіў пра намер пайсці ў адстаўку з-за працэдурных парушэнняў, з якімі моўны законапраект быў ухвалены дэпутатамі. Народныя абраннікі, аднак, адстаўкі Літвіна не прынялі. Але і адносна канфліктнага закону да згоды прыйсці не паспелі.

Валеры Руселік, “Аб’ектыў”