Паўстанцаў Каліноўскага ўшанавалі ў Польшчы
Паўстанцаў Каліноўскага ўшанавалі ў Польшчы. Прычым на самым высокім узроўні. 23 студзеня 2013 г. позна ўвечары прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі запаліў на вайсковых могілках Павонзкі зніч у гонар удзельнікаў паўстання, якое нашыя суседзі называюць Студзеньскім.
Прысутнічалі таксама амбасадары краінаў-суседак, якія, паводле кіраўніка Польшчы, “таксама змагаліся за свабоду”. Пасол Беларусі Віктар Гайсёнак падчас урачыстасці не прамаўляў, але таксама паставіў зніч на магілу. Падчас ушанавання ў Варшаве залунаў і бел-чырвона-белы сцяг. Яго прынёс кіраўнік ініцыятывы “Беларуская нацыянальная памяць” Анатоль Міхнавец. З яго словаў, Браніслаў Камароўскі паціснуў яму руку і сказаў: “За нашу і вашу свабоду”, – а ў сваёй прамове сярод герояў назваў Кастуся Каліноўскага.
З’явіўся нацыянальны штандар і ў Беларусі. Сёння бел-чырвона-белы сцяг вывесілі ў Гомлі. Так гомельскія актывісты кааліцыі “Наша альтэрнатыва” святкавалі пачатак паўстання 1863 года.
Ганна Любакова, “Аб’ектыў”