Па цэнтры Менску прайшоў несанкцыянаваны «першамай»
Мітынг на Кастрычніцкай цягнуўся каля 35 хвілін. Паводле назіральнікаў, на плошчы знаходзілася 520 чалавек. Па завяршэньні людзі рушылі ходнікамі да плошчы Незалежнасьці. Удзельнікаў шэсьця суправаджалі аўтазакі і «людзі ў цывільным», але затрыманьняў падчас самога шэсьця не адбывалася. Некалькі соцень чалавек дайшлі да Чырвонага касьцёлу, дзе Павал Севярынец абвесьціў завяршэньне мірнай акцыі пратэсту. Уладзімер Някляеў распавёў пра рэзалюцыю сходу, прысутныя прагаласавалі за яе.
На несанкцыянаваны мітынг на Дзень працы 1 траўня на менскай Кастрычніцкай плошчы сабраліся некалькі дзясяткаў чалавек, шмат журналістаў і міліцыянтаў. Міліцыянты не прапускаюць на плошчу шматлікіх людзей.
На плошчы — жонка затрыманага напярэдадні Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч, Ніна Багінская зь бел-чырвона-белым сьцягам, 84-гадовы прафэсар Мікола Савіцкі, палітык Вячаслаў Сіўчык. Ёсьць адзін чалавек з чырвоным савецкім сьцягам, адзін — з афіцыйным чарвона-зялёным, жанчыны зь бел-чырвона-белымі балёнікамі. Сустаршыня БХД Павал Севярынец гукае «Незалежнасьць!», «Жыве Беларусь!», «Свабоду палітвязьням». Уладзімер Някляеў праз мэгафон дзякуе тым, хто прыйшоў на плошчу.