Навіны

Пачынаецца вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі пятага склікання

15 ліпеня пачынаецца вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі пятага склікання.

Гэтае права могуць скарыстаць палітычныя партыі, працоўныя калектывы і грамадзяне шляхам збору подпісаў па 13 жніўня ўключна.

Па 19 ліпеня ўключна асоба, якая мае намер вылучацца кандыдатам у дэпутаты, можа зарэгістраваць сваю ініцыятыўную групу.

Збіраць подпісы можна ў форме пікетавання, на правядзенне якіх не патрабуецца дазвол уладаў. У той жа час выканкамы ўжо вызначылі месцы, дзе праводзіць пікеты па зборы подпісаў нельга. У Мінску гэта аб\’екты метрапалітэна (за выключэннем тэрыторый падземных пешаходных пераходаў), чыгуначнага і паветранага транспарту; тэрыторыі шэрагу плошчаў сталіцы — Кастрычніцкай, Незалежнасці, Перамогі, Прывакзальнай, а таксама іншыя месцы, якія знаходзяцца паблізу органаў дзяржкіравання, дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў, судоў, органаў пракуратуры, тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць абараназдольнасць, бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва.

Сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік лічыць не занадта эфектыўным збор подпісаў на вуліцах, бо, паводле яго слоў, мала хто носіць з сабой пашпарт. Пра гэта ён заявіў на прэс-канферэнцыі 11 ліпеня. У той жа час Лазавік параіў прадстаўнікам палітычных партый вылучацца менавіта шляхам збору подпісаў, паколькі, адзначыў ён, людзі занадта мала ведаюць пра партыйныя структуры.

Некалькі апазіцыйных партый ужо прынялі рашэнне аб правядзенні з\’ездаў, на якіх будуць вылучаныя кандыдаты ў дэпутаты. Напрыклад, Аб\’яднаная грамадзянская партыя правядзе з\’езд 28 ліпеня, Партыя БНФ — 4 жніўня.

Рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты працягнецца з 14 па 23 жніўня, а самі выбары ў Палату прадстаўнікоў — 23 верасня.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Нагадаем, што сёння, у нядзелю 15 ліпеня, усе акруговыя выбарчыя камісіі працуюць па рэжыме будзённага дня – з 10 да 19 гадзін (перапынак на абед з 14 да 15 гадзін)