Падаўжэнне прэвентыўнага нагляду Аўтуховіч абскардзіць ў абласным судзе
Прадпрымальнік і былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч, якому Ваўкавыскі раённы суд працягнуў прэвентыўны нагляд на 6 месяцаў, звярнуўся з прыватнай скаргай у Гарадзенскі абласны суд. Былы палітвязень, які па стане здароўя не змог прысутнічаць на судовым паседжанні 6 жніўня, просіць адмяніць пастанову суда Ваўкавыскага р-на аб працягу прэвентыўнага нагляду і звязаных з ім абмежаванняў у дачыненні да яго, а матэрыялы справы накіраваць на новы разгляд.
Мікалай Аўтуховіч лічыць пастанову суда Ваўкавыскага раёна незаконнай, неабгрунтаванай, парушаючай ягоныя правы і законныя інтарэсы, і таму падлягаючай скасаванню па наступных падставах:
“Раніцай 6 жніўня 2015г. па прычыне таго, што ў мяне здарыўся гіпэртанічны крыз, мяне забрала хуткая дапамога, і я быў шпіталізаваны ў бальніцу, у сувязі з чым, па ўважлівых прычынах не змог прысутнічаць у судовым пасяджэнні пры разглядзе справы аб працягу прэвентыўнага нагляду. Пры гэтым аб сваім стане і знаходжанні ў бальніцы я загадзя паведаміў па тэлефоне суддзі Якімовіч Ю.Ю., які павінен быў разглядаць справу, і прасіў яго адкласці судовае пасяджэнне да майго выздараўлення. Акрамя гэтага, у судовым пасяджэнні з боку майго прадстаўніка таксама заяўлялася хадайніцтва аб адкладзе справы ў сувязі з немагчымасцю майго ўдзелу па вышэйпададзеных ўважлівых прычынах.
Аднак, насуперак патрабаванню ч. 6 арт. 4022 КПК Рэспублікі Беларусь, якая прадугледжвае абавязковую прысутнасць асобы, у дачыненні да якой падаўжаецца прэвентыўны нагляд, суддзя беспадстаўна адмовіў у задавальненні хадайніцтва і разгледзеў справу без майго ўдзелу, тым самым груба парушыў мае правы, прадугледжаныя дзеючым заканадаўствам (ч. 10, 11, 12, 13 ст. 4022 КПК)”.
Разгледзеўшы справу без ўдзелу Аўтуховіча, суд фактычна пазбавіў яго магчымасці даваць тлумачэнні па справе, заяўляць адводы і хадайніцтвы, задаваць пытанні прадстаўніку упраўлення выканання пакарання, далучаць да матэрыялаў справы іншыя дакументы.
Апроч таго, што прысуд падлягае адмене ў выпадку, калі крымінальная справа разгледжана ў адсутнасць абвінавачанага, акрамя выпадкаў, прадугледжаных артыкулам 294 КПК, выклікаюць сумненні і падставы для падаўжэння прэвентыўнага нагляду:
“Суддзя Якімовіч ў сваёй пастанове паказвае, што ўсе спагнання з\’яўляюцца дзеючымі, падкрэсліваючы множнасць парушэнняў. Ён добра ведаў, што на момант разгляду ім 6 жніўня пытання аб падаўжэнні мне прэвентыўнага нагляду, я ўжо больш за год не меў парушэнняў захавання патрабаванняў прэвентыўнага нагляду, устаноўленых мне судом. І ведаў, што парушэнні Правілаў дарожнага руху, не могуць з\’яўляцца падставай для падаўжэння прэвентыўнага нагляду. А паколькі суд ўлічыў і парушэнні ПДР, сярод парушэнняў патрабаванняў прэвентыўнага нагляду, то пастанову суда ў цэлым незаконна і падлягае адмене ўжо толькі па гэтай падставе”.
Такім чынам, на думку Аўтуховіча, пры вышэйпрыведзеных абставінах, з боку суда Ваўкавыскага раёна мела месца невыкананне дзеючага заканадаўства, якое пацягнула найгрубейшае парушэнне ягоных правоў і свабод.
Рашэнне аб падаўжэнні прэвентыўнага нагляду Мікалаю Аўтуховічу каментуе юрыст Павел Сапелка:
“Пры падаўжэнні прэвентыўнага нагляду на Мікалая Аўтуховіча накладаюцца абавязкі і абмежаванні, ідэнтычныя з тымі, якія ўсталёўваюцца пры прызначэнні крымінальнага пакарання ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу. Тамупрацэсуальныя гарантыі пры разглядзе справы павінны яму давацца не меншыя, чым абвінавачанаму па крымінальнай справе.Таму пастанова суда, вынесеная ў адсутнасць Аўтуховіча, павінна быць безумоўна адменена ў сувязі менавіта з тым, што была вынесеная ў ягоную адсутнасць”.
Нагадаем,5 жніўня калегія Гродзенскага абласнога суда адмяніла рашэнне Ваўкавыскага раённага суда ад 17 ліпеня, які пастанавіў ня працягваць прэвентыўны нагляд за былым палітвязнем і прадпрымальнікам Мікалаем Аўтуховічам. Ён прасіў суд аб пераносе разгляду справы, паколькі з-за сціслага часу ня змог дамовіцца з адвакатам. Яшчэ раней яму ўручылі позву на 6 жніўня, а напярэдадні раптам перанеслі паседжанне на 5 жніўня.