Пахі Саветаў
Паводле псыхолягаў, якія займаюцца праблемамі безвыходнасьці і страху, турма абвастрае нюхальную памяць. Бадай кожны былы сядзелец, і супрацоўнік пэнітэнцыярнай сыстэмы скажа, што вязьніца, няволя мае свой спэцыфічны пах, які цяжка пераблытаць зь нечым іншым.
Турма Лукішкі
Гэта нейкая сумесь пахаў, якія Салжаніцын у сваім «Крузе першым» называў непрыстойнымі: пахі бруднай бялізны, няякаснай ежы, чалавечых экскрэмэнтаў, тытуню, уедлівага поту. Асаблівасьці турэмнага поту, дарэчы, псыхолягі тлумачаць ня толькі адсутнасьцю неабходных санітарна-гігіенічных умоваў, але і надзвычайнай актывізацыяй вэгетатыўных рэакцыяў арганізму, калі адбываецца так званая экстраная сэкрэцыя адрэналіну. (Дарэчы, у свой час тайная паліцыя ГДР захоўвала ў адмысловых гермэтычных слоіках індывідуальныя пахі тых, хто падазраваўся ў апазыцыйных ці дысыдэнцкіх поглядах. Цяпер гэта экспанаты музэю Штазі ў Бэрліне).
Сабака ахоўніка турмы
«У Жодзіне сабак канкрэтна прывучылі рэагаваць на нашы пахі»
Аляксандар Бут-Гусаім адседзеў на ПЗ (пажыцьцёвым зьняволеньні) больш за 11 гадоў. Яго асудзілі за забойства егера са зброі, зь якой, паводле экспэртызы, не было зроблена аніводнага стрэлу. Потым яму ўдалося дамагчыся зьмены прысуду. Сёлета ў кастрычніку ён быў вызвалены па «УДО». Цяпер на волі Аляксандар бадай адзіны сьведка таго, як утрымліваюцца ў Беларусі вязьні-пажыцьцёвікі.
Аляксандар Бут-Гусаім пра турму
Аляксандар Бут-Гусаім
«Калі я сядзеў на пажыцьцёвым у Жодзіне, — узгадвае ён, — там былі сабакі, якіх канкрэтна прывучылі рэагаваць на наш зэкаўскі смурод. Аўчаркі ніяк не рэагавалі на міліцыянтаў. Толькі на нашы пахі… Пах камэраў на ПЗ — гэта пах прыбіральні. Там сьмярдзела ўвесь час, нягледзячы на выцяжку. Дыхаць і жыць у такім памяшканьні было немагчыма. Але зэкі мусілі адаптавацца да ўсяго. Узгадваю, як цягам дзесяці першых месяцаў мяне не выводзілі на прагулку, а калі на адзінаццаты вывелі ў дворык, то я, удыхнуўшы паветра, страціў прытомнасьць і ўпаў на зямлю. Прыйшоў у сябе, калі мне паднесьлі нашатыр. Дарэчы, так было і зь іншымі. Той смурод пажыцьцёвага мне мроіцца і дагэтуль. Здавалася б, прайшоў час, нічога ўжо не павінна застацца. Я спаліў ўсе рэчы, якія былі зьвязаны зь няволяй… Пастаянна мыюся ў душы, апранаю ўсё абсалютна чыстае. Аднак усё роўна чую той пах».
Паводле Аляксандра, адчуваньне турэмнага смуроду гэта нешта кшталту нюхальнай галюцынацыі. Узгадваецца, аднак, і ўлюбёны жодзінскі пах. Перадаць яго вельмі цяжка. Гэта пах лістоў з волі, якія прыходзілі да яго ў камэру. Часам яму здавалася, што так пахне сама воля.
«Праз нюхальную памяць прыходзяць успаміны пра турэмны душ»
Як кажуць былыя арыштанты, пасьля вызваленьня турэмныя пахі яшчэ доўга застаюцца на целе, цяжка і марудна выветрываюцца з рэчаў ды ніколі не зьнікаюць з памяці. Знаёмы пах, прамільгнуўшы ў паветры, прыводзіць на памяць самыя розныя карцінкі з жыцьця за кратамі.
У мінулым палітвязень, карэспандэнт польскай «Газэты Выборчай» Андрэй Пачобут адседзеў у СІЗА старажытнай гарадзенскай турмы ўсяго некалькі месяцаў. Пачобут сядзеў у корпусе, які завецца «амэрыканкай», у маленькай камэры на чатыры чалавекі. Неяк адгарадзіць прыбіральню там было проста немагчыма. Адседка прыходзілася на лета, калі ў турме традыцыйна адключаюць ваду.
Андрэй Пачобут
«Гэты пах своеасаблівы. Цяжка яго акрэсьліць, але ні з чым ня зблытаеш. Калі я выходзіў з турмы, то ўсё трэба было мыць, а сумку паставіць на балькон, дзе яна доўга стаяла, каб выветрыўся турэмны пах…
Праз нюхальную памяць прыходзяць успаміны пра турэмны душ. Калі ён ёсьць і ты стаіш пад ім з заплюшчанымі вачыма, то адчуваньне такое, што ты не ў зьняволеньні. Калі цябе выводзяць у душ, гэта здараецца раз на тыдзень, то там у нейкім растворы ляжаць нажніцы, якімі карыстаецца фактычна ўвесь корпус турэмны. Гэтыя нажніцы — улічваючы, што людзей цэлая турма і сярод іх, можа, хворыя на які СНІД ці каросту, — выклікалі ў мяне вельмі гідкае пачуцьцё. Я ніколі да іх не дакранаўся. На лета гарачую ваду адключаюць. У камэрах становіцца вельмі горача ды вільготна, зэкі грэюць ваду і мыюцца над унітазам. Дзякуй Богу, што апошнім часам у гарадзенскую турму пачаў прыходзіць прагрэс. На зьмену звычайнай дзірцы ў падлозе — так званаму „ачку“ — пачалі ўсталёўваць звыклыя для ўсіх вольных людзей санітарна-гігіенічныя прыстасаваньні ў выглядзе ўнітазаў».
Гарадзенская турма
Бальшавіцкае стаўленьне да прыбіральняў
Калі прыгадаць гісторыю Савецкай краіны, бальшавікі адпачатку ставіліся зь нейкай пагардаю да прыбіральняў. У знакамітым фільме Сяргея Эйзэнштэйна «Кастрычнік» ёсьць сымбалічны кадар: матрос разьбівае царскі ўнітаз. Так новая ўлада абвяшчала вайну буржуазным перажыткам, у тым ліку і да цёплых ватэрклязэтаў. Яшчэ адзін прыклад, калі дэлегаты аднаго зь першых сялянскіх зьездаў, неабачліва пушчаныя бальшавікамі ў Зімовы палац, імгненна загадзілі яго і зламалі астатнюю сантэхніку. У якасьці прыбіральняў пасланцы аддаленых вёсак выкарыстоўвалі ванныя пакоі і старадаўнія парцалянавыя вазы. Або такі гістарычны факт: сярод дзясяткаў тысяч ахвяраў чырвонага тэрору ў Крыме (1917–1921) было шмат гімназістаў ды гімназістак. Гэтых дзяцей рэвалюцыйныя салдаты і матросы прымушалі перад расстрэлам да бляску вычышчаць грамадзкія прыбіральні голымі рукамі без аніякіх анучаў. Нечым гэта нагадвае сытуацыю, калі ў сучаснай турме кантралёры на вачах блатных загадваюць палітвязьням чысьціць прыбіральні. Добра разумеючы, што пры выкананьні гэтага загаду «прыбіральшчыкі» адразу будуць пераведзеныя тымі ж блатнымі ў катэгорыю «апушчаных». А калі адмовяцца — атрымаюць адміністрацыйнае пакараньне.
Палкоўнік міліцыі Алег Алкаеў, які больш за 30 гадоў працаваў спачатку ў савецкай, а потым казахстанскай ды беларускай пэнітэнцыярнай сыстэмах, а з 1996 па 2001 кіраваў менскай «Валадаркай», у сваіх інтэрвію для нашай праграмы адзначаў, што ва ўмовах турмы прыбіральня можа выкарыстоўвацца як сродак прыніжэньня і нават катаваньня. Сам ён не ў захапленьні ад таго, што нават і цяпер прыбіральня за кратамі — гэта дзірка ў падлозе, тым больш што, акрамя прыбіральні, камэра яшчэ выконвае функцыі курылкі, кухні-сталоўкі, спальні, пакою для адпачынку. Згодны з тым, што ў турэмных камэрах, як і ўва ўсіх памяшканьнях, дзе шмат людзей і няма вэнтыляцыі, можа стаяць смурод сапрэлых шкарпэтак, ляжалых рэчаў, нясьвежых прадуктаў, хворых страўнікаў ды зубоў, нямытых целаў, тытуню.
Паводле Алега Алкаева, спэцыфічных пахаў у беларускіх вязьніцах магло б ня быць ужо гадоў 20. Калі б на пачатку 1990-х арыентаваныя тады яшчэ на Эўропу дэмакратычны ўрад ды парлямэнт прынялі адпаведныя заканадаўчыя акты. Але ж пытаньнямі рэфармаваньня турэмнай сыстэмы тагачасныя заканатворцы мала цікавіліся. Усё, што прымалася ў гэтым кірунку дэпутатамі і тады, і пасьля, слаба суадносілася з рэальнымі патрэбамі.
!!!!Свабода ў турмах. Алег Алкаеў
Алег Алкаеў
«Вы можаце пералапаціць правілы турэмнага распарадку і забесьпячэньня зьняволеных ды іншыя нарматыўныя акты і ня знойдзеце там ані слова пра туалетную паперу, а таксама пра гігіенічныя сродкі для жанчын, пра тое, каб лазьня была часьцей, чым раз на тыдзень, каб начальнік турмы меў законнае права не прымаць да сябе ва ўстановы лішніх людзей і такім чынам не перапаўняць камэры. Увесь бытавы нонсэнс ідзе не ад турэмнай адміністрацыі, а ад тупога заканадаўства. Хоць кожны, хто прымае законы, здаецца, разумее, што чалавек зь першага дня турмы павінен спраўляць свае натуральныя патрэбы, што ня кожны можа рабіць гэта на вачах сама меней дзесяці сукамэрнікаў. Гэта катаваньні, якія перарастаюць у небясьпечныя рэчы. Такія, як стасункі паміж зьняволенымі, калі барацьба ідзе за такую, напрыклад, рэч, як туалетная папера. Гэта спараджае зусім іншую асобу, незалежна ад таго, якім гэты чалавек быў на волі. Гэтыя дачыненьні потым у інтарэсах сьледзтва могуць быць павернутыя як заўгодна.»
«Мог на нюх бясспрэчна адрозьніць турэмную абстаноўку»
Тым часам адным зь першых крокаў парлямэнту незалежнай Эстоніі было прыняцьцё законаў па рэфармаваньні пэнітэнцыярнай сыстэмы ў адпаведнасьці зь мінімальнымі стандартамі ААН па ўтрыманьні вязьняў. Было афіцыйна прызнана, што дзяржава можа караць злачынца толькі ізаляцыяй ад грамадзтва, пазбаўленьнем волі. Дыскамфорт што да санітарна-гігіенічных умоваў, харчаваньня, аказаньня мэдычнай дапамогі і г.д. трэба клясыфікаваць як зьдзекі або катаваньні. Напамінам пра старую савецкую турму служыць Талінскі музэй акупацыі. Сярод экспанатаў таго часу — і зэкаўскія прыбіральні.
Прыбіральня і ўмывальня ШЫЗА Пермскай турмы, дзе сядзеў Хэйкі Аханэн. Віртуальны музэй ГУЛАГу
Адзін з заснавальнікаў талінскага музэю акупацыі, а таксама віртуальнага музэю ГУЛАГу — палітвязень часоў перабудовы, на час арышту — камінар, а пасьля вызваленьня — супрацоўнік Радыё Свабода, вядомы ў Эстоніі журналіст ды грамадзкі дзеяч Хэйкі Аханэн. Былы савецкі палітзэк, які сядзеў у Талінскай турме ды Пермскім палітычным лягеры, лічыць, што турэмны пах — адзін з самых стойкіх пахаў савецкай эпохі. Асабіста яму знаходжаньне за кратамі дапамагло дасканала разьвіць нюхальную сыстэму, якая дагэтуль у яго, як і ў большасьці людзей, была амаль атрафаваная.
!!!!Свабода ў Турмах. Хэйкі Аханэн
«У месцах зьняволеньня, куды доступ інфармацыі абмежаваны, разьвіваюць як бы антэнную інфармацыю — нюх. У турме вас сустрэне заўсёды спэцыфічны агульны пах: сумесь усіх базавых пахаў. Ад апошніх лёгка адрозьніць пахі вялікай і малой камэры, лазьні, карцэру, адстойніка і баланды. Апошняя праводзіць вас па ўсіх калідорах, дзе яе раздавалі. Яна цякла з бачкоў на падлогу і пасьля мыцьця пранікла ў яе шчыліны. Сіла пахаў залежыць ад канструкцыі падлогі. У талінскай турме сьмярдзіць неяк гусьцей, чым у піцерскіх „Крыжах“. А ў пермскай наагул баландай ня пахне: там пах амаль стэрыльны, як у моргу.
Турэмная баланда. Фота TUT.by
Пасьля этапу вас трасе пах чаго заўгодна, бо на этапе пераважае агульны фон смуроду. Гэты фон — сумесь водараў рыбы, мачы і гвалту. Упершыню я зразумеў значэньне пахаў як інфармацыі падчас першай пасадкі ў турму, калі мяне адразу сунулі ў так званую „шафу“. Гэта каменны мех безь сьвятла. Я сядзеў там некалькі гадзін і раптам пачуў крокі і ляскат мэталу. Празь некаторы час адчуў нейкі новы пах. Апусьціўся на калені каля дзьвярэй і пачаў нюхаць грунтоўна. Пахла як быццам сланечнікам і ачысткамі гародніны. Толькі пазьней даведаўся, што на вячэру быў вінэгрэт».
Музэй акупацыі ў Таліне
Ёсьць пахі, якія ў Хэйкі Аханэна асацыююцца зь вельмі яркімі момантамі турэмнага жыцьця. Напрыклад:
«Пах рыбы падчас галадоўкі, пах сала ў пасылцы фраера. Калі мянты побач з карцэрам смажаць бульбу і цыбулю, адчуваеш кожную лішнюю кроплю сланечнікавага алею. Або пах духоў жонкі начальніка па рэжыме, яна ж турэмны стаматоляг, якая праходзіць па калідоры. А яшчэ ёсьць пах мыла туалетнага, якога не марнуеш на ўмываньне. Лепш даць ужо сябру панюхаць. Але самае каштоўнае — гэта пах чыфіру. Што тычыцца разьвіцьця нюху, то ён, бадай, больш разьвіты ў турэмнай „эліты“. Ім нашмат важней не дакрануцца да паганых, „апушчаных“, сьмярдзючых, у якіх і нюх, і любое іншае пачуцьцё прытупленыя. Што можна бясспрэчна адрозьніць на нюх — гэта абстаноўку, яе пах. Бо нездарма кажуць: пахне тым ці іншым, маючы на ўвазе сытуацыю, становішча спраў».
Музэй акупацыі ў Таліне. Турэмныя дзьверы
«У сталоўцы пахла селядцом, а ў бараку — жаночымі крытычнымі днямі»
«Прайшоўшы турму, імкнесься выцесьніць з памяці ўспаміны пра яе, аднак схавацца ад памяці адчуваньняў — дотыку, нюху, слыху — нельга», — так кажа Марыя, колішняя асуджаная гомельскай калёніі. — Па-ранейшаму набягае млосьць, калі чую пах селядца. Гэта адзін з самых устойлівых пахаў нашай сталоўкі. Яшчэ пах жанчыны ў крытычныя дні. У многіх, каго ня «грэюць» з волі, вялікія праблемы з гігіенічнымі пракладкамі. Выкарыстоўваюць усё што можна — паперы, старыя анучы, тэхнічную вату, якую крадуць на вытворчасьці. Пры гэтым мыцца нам, жанчынам, дазвалялі толькі раз на тыдзень”.
!!!Свабода ў турмах. Марыя, колішняя асуджаная гомельскай калёніі
Жаночая калёнія. Фота Віктара Стралкоўскага
«І нюхам, і ўсімі астатнімі чатырма пачуцьцямі адчуваеш атмасфэру агрэсіі»
Для былога палітвязьня Валера Леванеўскага турмы пахнуць чалавечым потам ды выдзяленьнямі. І нюхам, і ўсімі астатнімі чатырма пачуцьцямі адчуваеш атмасфэру агрэсіі. «Гэта нармальная зьява для замкнёнай прасторы», — лічыць ён.
Валер Леванеўскі
«У любым цесным памяшканьні пасадзі людзей з вуліцы, не давай ім памыцца, пачысьціць зубы, і гэтыя пахі будуць. Уся абстаноўка, пахі ў памяшканьні — толькі элемэнты ціску на псыхіку чалавека. Але, як мне падаецца, для тых, хто сядзіць, пытаньне пахаў адступае на задні плян. Сама псыхалягічная атмасфэра ў турэмных сьценах і ў паветры — вось што цяжэйшае. Моцная нэгатыўная энэргетыка. ЗК вымяшчаюць псыхалягічныя нязручнасьці, якія атрымліваюць, на кантралёрах. Кантралёры азлабляюцца: вось ён прыйшоў, і праз год-два-тры ён ператвараецца ў вельмі падобнага да зэка чалавека, толькі ў форме і пры ўладзе. Гэта як псыхіятар любы, які працуе ў „псыхушцы“, ён паціхеньку робіцца псыхічна хворым. Таму што гэта заразнае», — шчыра перакананы Валер Леванеўскі
Казённае мыла, хлёрка, няўлоўныя пахі страху ды няволі
Маці палітвязьня Эдуарда Лобава — Марына Лобава на памяць пра суткі, праведзеныя ў менскім ізалятары часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна (пару гадоў таму яе разам з малодшым сынам затрымалі на акцыі на Дзень Незалежнасьці) захоўвае турэмную «парфуму» — казённы кавалачак мыла (з палавінку скрынкі для запалак), а таксама казённы кавалачак туалетнай паперы (даўжынёй 15 см).
У камэры на Акрэсьціна стаяў пах каналізацыі і пах «асьвяжальніка» — хлёркі. Дзьверы прыбіральні не зачыняліся. Зь іх выглядваў брудны ўнітаз. Над ім у вэнтыляцыйнай адтуліне ў сьцяне быў умантаваны дынамік, зь якога гучна пра посьпехі ды дасягненьні краіны вяшчала нацыянальнае радыё.
Людміла Кучура, жонка асуджанага на 18 гадоў Пятра Кучуры, таксама асацыюе пах турмы з хлёркай, з-за якой меў праблемы са здароўем яе муж, інвалід па сэрцы. Летась у Магілёўскай калёніі яго пакаралі ізаляцыяй у ПКТ (памяшканьні камэрнага тыпу). Каналізацыя ў камэры была забітая, і таму парашу пасыпалі хлёркай. Ад моцнага паху вязьню пачало разьядаць вязьню вочы ды гартань. У іншую камэру асуджанага перавялі не адразу. Запаленьне вачэй, верхніх дыхальных шляхоў, насмарк ды кашаль трымаліся доўга… Жонка вязьня называе гэта катаваньнямі.
Людміла Кучура
«Акрамя пахаў турмы, якія адчуваеш носам, ёсьць яшчэ і пахі, не адчувальныя для нюху, — кажа Людміла. — Гэта няўлоўны мярзотны пах, які я асацыюю з страхам ды няволяй. Ён выклікае нэрвовасьць і нейкія зьмены ў псыхічным стане».
Радыё Свабода