Навіны

Палітвязень Аліневіч аб сітуацыі ў калоніі «Віцьба-3»: Людзі ўсё прыбываюць

Пасля амаль месяца маўчання палітвязень Ігар Аліневіч змог патэлефанаваць дадому.

Маці Ігара Валянціна Аліневіч паведаміла пра званок сына «Радыё Свабода».

«Голас у яго быў стомлены магчыма, таму, што адпрацаваў змену, або з якой іншай прычыны. Але я была вельмі радая, бо месяц ад яго не было званка. Ігар сказаў, што адстаяў велізарную чаргу, каб патэлефанаваць дадому. Бо людзі ў калонію ўсё прыбываюць, а тэлефонных апаратаў не стае, і таму вялікія чэргі, каб патэлефанаваць. У Ігара нібыта справы ідуць цяпер ніштавата, ва ўсякім выпадку, у гэтым месяцы ў карцэр не адпраўлялі, але аб умовах больш ён нічога не кажа. Мабыць, праз пэўныя прычыны», – распавяла яна.

У канцы красавіка – пачатку траўня Ігар Аліневіч адбыў 10 дзён у карцэры, куды за час знаходжання ў калоніі «Віцьба-3» трапляў ужо не раз. Прычыны пакарання сваякам палітвязня невядомыя. Раней у калоніі Аліневіча пазбавілі доўгатэрміновага спаткання са сваякамі і адмовілі ў праве атрымліваць перадачы. Каб набыць прадукты ў турэмнай краме, палітвязень можа выкарыстоўваць за месяц толькі 180 тысяч рублёў – адну базавую адзінку. Маці палітвязня мяркуе, што такі парадак у дачыненні да Ігара уведзены з адмысловых прычын.

Са звестак палітвязня, у траўні калонію Віцьба-3» наведвала праверка.

«Пра тое, што ў выніку праверкі ўмовы сталі хоць крыху лепшымі, сын нічога не казаў”, – сказала Валянціна Аліневіч.

Ігар Аліневіч – актывіст анархісцкага руху. Ён працягвае цікавіцца лёсамі сваіх сяброў-аднадумцаў, якія таксама былі асуджаныя за ўдзел у пратэстных акцыях 2010 годзе.

“Пытаўся мяне пра Мікалая Дзядка які, як вядома, парэзаў вены на руках на знак пратэсту ў калоніі ў Горках. Ігар прачытаў пра гэта ў газетах, якія атрымлівае. Перадаваў прывітанне ўсім, хто яго памятае», – паведаміла маці палітвязня.

Нагадаем, актывіст анархісцкага руху Ігар Аліневіч асуджаны на 8 гадоў зняволення за хуліганскія дзеянні ў дачыненні да афіцыйных будынкаў. Сваёй віны палітвязень не прызнаў. Раней ён адбываў пакаранне ў калоніі ў Наваполацку, якая ўважалася за самую дрэнную паводле экалагічных паказчыкаў, аднак у пачатку мінулага года была прынятая пастанова аб расфармаванні гэтай калоніі і Ігар Аліневіч трапіў у калонію «Віцьба-3».