Палітвязень Лобаў атрымае дыплом зваршчыка
Эдуард Лобаў, які адбывае тэрмін у Івацэвіцкай калоніі №22, у чэрвені скончыць навучанне па спецыяльнасці «электрагазазваршчык».
Пра гэта сайту charter97.org паведаміла яго маці Марына Лобава.
«Эдуард патэлефанаваў напярэдадні Вялікадня – у суботу. Таму мы змаглі асабіста адзін аднаго павіншаваць з такім добрым святам. Магу сказаць, што атрымала велікодны падарунак, пачуўшы ягоны голас. Перад гэтым Мікалай Статкевіч віншаваў яго з Днём Волі, а цяпер ён папрасіў павіншаваць Мікалая з Вялікаднём», – сказала яна.
Маці палітвязня адзначыла, што ўжо ў чэрвені яе сын атрымае дыплом зваршчыка.
«Калі ўсе навучэнцы каледжаў Беларусі будуць атрымліваць дыпломы, ён таксама атрымае – па спецыяльнасці «электрагазазваршчык», – дадала яна.
Нагадаем, Эдуард Лобаў разам са старшынём «Маладога фронту» Дзмітрыем Дашкевічам быў затрыманы ў Менску 18 снежня 2010. Затрыманне Лобава і Дашкевіча было прэвентыўнай мерай спецслужбаў і міліцыі напярэдадні выбараў прэзідэнта, якія праходзілі на наступны дзень.