Палітвязень Парфянкоў правёў 12 дзён у карцэры
Не выключана, што пасля выхаду са штрафнога ізалятара яго вярнулі туды.
Пра гэта «Радыё Свабода» паведаміла рэжысёрка Вольга Нікалайчык, якая лістуецца з Васілём Парфянковым.
«Ён у апошнім лісце паведаміў, што атрымаў ад мяне лісты з часопісамі і газетамі, а галоўнае, што адбыў 12 дзён у штрафным ізалятары. А пасля гэтага ад яго зноў маўчанне, з чаго я раблю выснову, што ён, відаць, зноў пакараны карцэрам – у дадатак. Яшчэ напісаў, што, дзякуй Богу, засталося сядзець ужо няшмат – усяго два месяцы», – паведаміла яна.
Прычына, з якой Васіль Парфянкоў пакараны карцэрам, Вользе Нікалайчык невядомая.
Палітвязень, які дагэтуль знаходзіўся ў памяшканні крытага тыпу, ужо не разлічвае да вызвалення трапіць у звычайны атрад.
«Васіль напісаў, што яго ўжо на зону не перавядуць, што будзе даседжваць у крытай, у камеры-адзіночцы. Але ён з-за гэтага не сумуе. Кажа, што не хоча гэтых пераездаў, гэтай зоны з новымі людзьмі і з правакацыямі, якія ўжо сталі нормай. Кажа, што звык сядзець адзін», – паведаміла яна.
Нагадаем, 5 снежня 2013 Першамайскі суд Менска прысудзіў Парфянкова да 1 году калоніі строгага рэжыму за «парушэнне правілаў прафілактычнага нагляду».
У 2011 годзе Васіль Парфянкоў быў асуджаны на 4 гады пазбаўлення волі за ўдзел у мітынгу 19 снежня 2010 года. Праз некалькі месяцаў ён выйшаў на волю паводле амністыі. А ў пачатку 2012 года, пасля затрыманняў на акцыях салідарнасці з палітвязнямі, за актывістам апазіцыі ўсталявалі прэвентыўны нагляд.