Навіны

Палітвязьні і «крымінальнікі»

Для Лукашэнкі пытаньне палітвязьняў важнае таму, што яно пра ягоны прэстыж, і таму, што яно пра Беларусь, якой ён кіруе. Для Эўразьвязу яно важнае таму, што яно пра яго, Эўразьвязу, прэстыж, што для яго значна важней, чым Беларусь. Піша Юры Дракахруст.

Падчас нядаўняга візыту ў Хойніцкі раён Аляксандар Лукашэнка ў чарговы раз паўтарыў сваю ўлюбёную мантру пра палітвязьняў: маўляў, хто такія, ведаць ня ведаю, ў нас і артыкулаў палітычных няма, ўсе сядзяць за крымінальныя злачынствы. Насамрэч гэтая дэмагогія мае ўжо сталы век, менавіта тое самае казалі савецкія і іншыя камуністычныя правадыры пра вязьняў сацыялістычных гулагаў.

Але Лукашэнку, відаць, вынаходніцтва вельмі падабаецца, на нядаўняй прэсавай канфэрэнцыі ён разыгрываў той жа спэктакль, адказваючы на пытаньне журналісткі з «Нашай нівы». Зразумела, тое чыстая гульня на публіку, наўрад ці сам прэзыдэнт ці, напрыклад, міністар Макей валяюць такім чынам дурня з заходнімі партнэрамі. Тым ня менш у інфармацыйнай плашчыні свае законы і байку пра «крымінальнікаў», мяркую, мы пачуем яшчэ ня раз. Між тым ёсьць адказ, які гэтую дэмагогію прыбівае.

Якія такія палітвязьні? А дакладна такія ж, якія былі ў 2008 годзе. Зараз палітычных артыкулаў няма? Дык і тады не было. Зьдзьвіжкоў, Дашкевіч, Клімаў, Парсюкевіч, нарэшце, Казулін былі банальнымі крымінальнікамі? Дык чаго ж іх тады вызвалялі да тэрміну? І хіба ўсе яны пісалі прашэньні пра памілаваньне? А ці можна паглядзець на прашэньне, напрыклад, Казуліна? Калі тады можна было вызваліць названых «крымінальнікаў», чаму немагчыма зараз? Можа прычыны таго ў беларускай улады і ёсьць, але яны абсалютна не зьвязаныя са статусам вязьняў, вызваленьня якіх дамагаецца Захад — гэты статус зараз дакладна такі ж, якім быў тады, да жніўня 2008 году.

Хаця ня выключана, што гэтыя пэрлы красамоўя — насамрэч падрыхтоўка свайго электарату якраз да хуткага вызваленьня палітвязьняў. Гэта, як бы то ні было, саступка і ёсьць жаданьне яе як мага лепш завуаляваць, падаць адпаведнае патрабаваньне, як дзіўны капрыз заходніх палітыкаў, а крок афіцыйнага Менску насустрач — як праяву незямной дабрыні кіраўніка дзяржавы.

Але застаецца праблема рэабілітацыі. Вызваленьне можна патлумачыць вярхоўнай дабрынёй і гуманнасьцю, рэабілітацыя — гэта прызнаньне невінаватасьці вязьняў ад пачатку, прызнаньне ў самым спрыяльным для ўладаў выпадку судовай памылкі. Тут захаваць твар значна больш складана, калі наагул магчыма.

Але і другі бок знаходзіцца дакладна ў такой жа сытуацыі. Тут ёсьць, зразумела, і маральная лёгіка — рэабілітацыя цяперашніх палітвязьняў дае пэўную гарантыю, што іх месца ў хуткім часе не зоймуць новыя. Але несувымерна большае значэньне мае тое, што Эўразьвяз паставіў на гэта свой прэстыж.

Эўразьвяз не заяўляў, напрыклад, што ня будзе мець ніякіх справаў з Масквой ці Пэкінам, пакуль тыя не вызваляць, скажам, Міхаіла Хадарокоўскага ці Лю Сяобо — ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру за 2010 год. Таму Эўропа без асаблівых пакутаў сумленьня і палітычных стратаў і можа падтрымліваць з РФ і КНР шчыльныя рабочыя стасункі, адно заклікаючы пры нагодзе да вызваленьня гэтых асобаў. Маглі і да беларускіх палітвязьняў паставіцца гэтак жа. Доўгая размова, чаму паставіўся інакш, але зараз гэта насамрэч другасна. А першасна — той факт, што паставіліся так, як паставіліся.

Варта сказаць, што беларускія палітыкі — прычым як з боку ўлады, так і з боку апазыцыі — часам не ўсьведамляюць практычна, што Эўразьвяз, ЗША, Расея вядуць глябальную палітыку. Вось у заяве Някляева-Мілінкевіча-Янукевіча ўтрымліваецца заклік да Эўропы скасаваць у аднабаковым парадку візы для беларусаў. Выдатная ідэя, але яе ініцыятарам, відаць, не прыходзіць у галаву, што зрабіўшы гэта, Эўразьвязу будзе надзвычай цяжка тлумачыць, ня толькі, скажам, Азэрбайджану і Расеі, але найперш Альжыру і Марока, чаму такі шчодры жэст ня робіцца ў адносінах да іх, і чым яны горшыя за Беларусь.

Сытуацыя зь беларускімі палітвязьнямі для Эўразьвязу ў нечым падобная. Паўтаруся, няважна ўжо насамрэч, чаму Брусэль палічыў патрэбным жорстка зьвязаць нармалізацыю стасункаў зь Менскам зь лёсам палітвязьняў. Але за паводзінамі ЭЗ глядзіць шмат уважлівых вачэй на ўсіх кантынэнтах. І калі раптам высьветліцца, што слова Эўразьвязу нядорага каштуе ў стасунках з краінай, пра існаваньне якой на тых кантынэнтах можа і не падазраюць, то для Эўразьвязу гэта можа мець непрыемныя наступствы ў самых нечаканых месцах плянэты. І наяўнасьць гэтага мэханізму ўраўноўвае стаўкі: для Лукашэнкі пытаньне важнае і таму, што яно пра ягоны прэстыж, і таму, што яно пра Беларусь, якой ён кіруе.

Для Эўразьвязу яно важнае таму, што яно пра яго, Эўразьвязу, прэстыж, што для яго значна важней, чым Беларусь.

Радыё Свабода