Палітвязьня наваполацкай калёніі Ігара Аліневіча запрасілі на выбары ў Менску
Як паведаміла маці палітвязьня Ігара Аліневіча Валянціна Аліневіч, яна атрымала на хатні адрас ліст з выбарчай камісіі, у якім яе сына запрашаюць 23 сакавіка прыйсьці на выбарчы ўчастак на вуліцы Янкі Маўра і прагаласаваць на выбарах у Менскі гарадзкі савет.
«Падобныя запрашэньні прыходзілі і раней, я і тады хадзіла на ўчастак і тлумачыла, што сын — палітвязень, што ён адбывае пакараньне ў Наваполацкай калёніі і яго фізычна няма ў Менску і яшчэ шмат гадоў ня будзе. Сказалі, што гэта памылка і яе выправяць. Але такое было і на папярэдніх выбарах, толькі нічога не зьмянілася. Відаць, зноў не вывяраюць сьпісы выбарцаў, зноў абы запрасіць, абы забясьпечыць яўку. Як і рэальны вынік тых выбараў іх не цікавіць, бо напішуць што заўгодна. Не зьдзіўлюся, калі будзе яўка за 90%, як на крымскім рэфэрэндуме», — пракамэнтавала Валянціна Аліневіч.
Актывіст анархісцкага руху Ігар Аліневіч ў 2011 годзе асуджаны на 8 гадоў зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў хуліганскіх дзеяньнях адносна амбасады Расеі ў Беларусі ды іншых афіцыйных будынкаў. Сваёй віны Ігар Аліневіч у судзе не прызнаў. Трымаюць палітвязьня ў наваполацкай калёніі, якая лічыцца адной з горшых у экалягічным пляне калёній у Беларусі. Ігар Аліневіч адмаўляецца падаваць прашэньне аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі.