Навіны

Палітвязня Рубцова перавялі з СІЗА ў калонію

Грамадскага актывіста з Гомеля перавялі з баранавіцкага следчага ізалятара ў калонію №2 Бабруйска.

Праблемы з уладамі пачаліся ў Рубцова пасля таго, як ён стаў рэгулярна прыходзіць на вулічныя акцыі апазіцыі ў майцы з надпісам «Лукашэнка, сыходзь». За гэты гомельскага актывіста нават празвалі «чалавек-майка».

У кастрычніку 2014 Рубцоў быў асуджаны паводле артыкула 391 КК (абраза суддзі або народнага засядацеля). Суд Цэнтральнага раёна Менска прысудзіў яго да аднаго з паловай гадоў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу.

Новая справа ў дачыненні да гомельскага актывіста была заведзеная ў сакавіку гэтага года паводле артыкула 415 КК (ухіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі) пасля таго, як палітвязень адмовіўся ад працы з заробкам ніжэй 600 даляраў (паводле афіцыйнай статыстыкі, гэта сярэдні заробак у краіне).

У траўні суд Пружанскага раёна Берасцейскай вобласці прызнаў Рубцова вінаватым і прысудзіў яго да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму з улікам неадбытага тэрміну. У ліпені Берасцейскі абласны суд разгледзеў касацыйную скаргу Рубцова і пакінуў прысуд без зменаў.

«Міжнародная амністыя» прызнала Рубцова вязнем сумлення.