Навіны

Палітычны марафет

Аднаму – свята, іншым – краты! Чэмпіянат свету па хакеі, што распачаўся ў беларускай сталіцы, меў прадэманстраваць усяму свету нашую краіну ў найлепшым святле, уразіць і захапіць гасцей. Тым часам прынамсі частка нашых суграмадзянаў сапраўды апынулася захопленая ўладамі – у літаральным сэнсе.
 
Хакей век волі не відаць! Чэмпіянат свету, нягледзячы на пратэсты міжнароднай супольнасці, усё-ткі заззяў у Менску – у тым ліку і… турэмнымі адценнямі. У выніку прэвентыўных арыштаў цягам апошніх двух тыдняў за кратамі апынуліся прынамсі 28 грамадскіх і палітычных актывістаў.

МАРЫНА АДАМОВІЧ, ЖОНКА МІКАЛАЯ СТАТКЕВІЧА:
“Шмат хто з іх затрыманы папросту ў сябе дома або ля ўласных пад’ездаў з абсалютна стандартнымі фармулёўкамі: “за непадпарадкаванне законным патрабаванням працаўнікоў міліцыі” – на тэрміны, якіх мы раней не ведалі. На маёй памяці гэта амаль упершыню, калі кожнаму даюць не менш за 15–25 содняў”.

Наяўнасць у Беларусі палітвязняў, сярод якіх і муж Марыны Адамовіч, экс-кандыдат на прэзідэнта Мікалай Статкевіч, на рашэнне Міжнароднай федэрацыі хакею правесці тут чэмпіянат аніяк не паўплывала. А таму і зняволеных актывістаў, якія б, на думку ўладаў, не пабаяліся заявіць пра тых, хто адбывае тэрміны за палітычныя перакананні, у Сінявокай стала толькі больш. Такая вось перастрахоўка.

МАРЫНА АДАМОВІЧ, ЖОНКА МІКАЛАЯ СТАТКЕВІЧА:
“Дваццаць гадоў дрэсіроўкі, калі кожны чыноўнік – дробненькі, на месцы – даўно ўжо засвоіў, што лепш “перебдеть”, чым “недобдеть”, што за “перебдеть” не пакараюць. А вось за “недобдеть” – вельмі можа нават быць! А таму ані логіка, ані здаровы сэнс не спрацоўваюць”.

Засталіся без мужоў, затое з хакеем – сумна жартуе жонка палітвязня Змітра Дашкевіча Настасся. Лідара “Маладога фронту” не ўратавала нават тое, што яго каханая на апошнім месяцы цяжарнасці і падтрыманне мужа ёй цяпер неабходнае, як ніколі.

НАСТАССЯ ДАШКЕВІЧ, ЖОНКА ЗМІТРА ДАШКЕВІЧА:
“Жывем у паралельных сусветах: у кагосьці – свята і падрыхтоўка да чэмпіянату, а нехта праклінае гэты дзень і носіць перадачы на Акрэсціна”.

Выбіраць паміж свабодаю і змарнаваным за кратамі жыццём гэтымі днямі даводзіцца і тым актывістам, хто паспеў-такі схавацца ад уладаў. Маладафронтавец Уладзь Яроменак літаральна сышоў у падполле, адключыў тэлефон і вымушана не бачыцца з жонкаю, якая мае нарадзіць дачку ўжо сёння-заўтра.

ВАЛЯНЦІНА ЯРОМЕНАК, ЖОНКА УЛАДЗІМІРА ЯРОМЕНКА:
“Гэтыя затрыманні – нібы паранойя нейкая: маўляў, нехта нешта не тое скажа, не тое зробіць! Гэта паранойя нашых уладаў, якія не хочуць паказваць, што не ўсё гэтак гладка, як ёсць. І гэтая зачыстка актывістаў – гэта навядзенне марафету”.

Галоўнае – каб чыста было. Навядзенне палітычнага марафету ў нашай краіне і сапраўды нагадвае паранойю, пакуль забыты яго галоўны прынцып: чыста будзе не тады, калі будуць прыбіраць, а калі перастануць смеціць.

Валеры Руселік, “Аб’ектыў”, Белсат