Памёр Войцэх Ярузэльскі, апошні кіраўнік камуністычнай Польшчы
У Варшаве пасьля працяглай хваробы памёр генэрал Войцэх Ярузэльскі. Яму ішоў 91 год.
Ярузэльскі быў вайскоўцам. Пасьля вайны шмат служыў у камуністычным дзяржаўным апараце. Быў, у прыватнасьці, міністрам абароны (1969-1983), удзельнічаў у плянаваньні ўварваньня ў Чэхаславаччыну ў 1968 годзе, а ў 1981 годзе абвясьціў ваеннае становішча і стаў кіраўніком Вайсковай рады нацыянальнага выратаваньня. За ягоным кіраўніцтвам былі інтэрнаваньня дзясяткі тысяч членаў Салідарнасці, а падаўленьне пратэстаў супраць ваеннага становішча прывяло да гібелі дзясяткаў людзей. Празь дзесяць гадоў, парлямэнт абвясьціў ваеннае становішча незаконным.
У 1989 годзе Нацыянальная асамблея абрала Войцэха Ярузэльскага прэзыдэнтам Польшчы. Ён сышоў у адстаўку з гэтай пасады праз год і пакінуў палітыку.
Ён быў абвінавачаным у некалькіх судовых працэсах: за ўвядзеньне ваеннага становішча і за расстрэл рабочых пратэстаў у 1970 годзе. Працэсы не былі даведзеныя да канца, бо генэрал пазьбягаў іх, спасылаючыся на стан здароўя.