Здарэнні

Памёр заснавальнік БелаПАН Алесь Ліпай

У Менску раптоўна памёр Алесь Ліпай – заснавальнік і кіраўнік БелаПАН, адзінага незалежнага агенцтва ў Беларусі. Яму было 52 гады.

Прычына смерці пакуль не паведамляецца. Паводле БелаПАН, пахаванне пройдзе 26 жніўня ў Рудзенску.

Алесь Ліпай нарадзіўся ў 1966 годзе ў в. Андросаўшчына Копыльскага раёну. У 1988 годзе, падчас вучобы на факультэце журналістыкі БДУ, пераследаваўся за ўдзел у вырабе самвыдатаўскай насценгазеты «Лірнік». Напрыканцы 1980-х гадоў – удзельнік Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя». У 1988 стаў першым карэспандэнтам «Радыё Свабода» ў Беларусі.

Працаваў карэспандэнтам, а потым рэдактарам аддзелу навінаў у газеце «Знамя юности». У кастрычніку 1991 стварыў незалежнае інфармацыйнае агенцтва БелаПАН, якое з цягам часу перарасло ў інфармацыйную кампанію.

Сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтру. Першую кнігу паэзіі «Пад снегам» выдаў у 2000 годзе. У 2007 г. выйшаў зборнік паэзіі «Рэшта»

ІІ, belsat.eu