Парашэнка, Пуцін, Мэркель і Алянд едуць на перамовы ў Менск?
Кіраўнікі Расеі, Украіны, Германіі і Францыі правядуць у сераду, 11 лютага, сустрэчу ў Менску, прысьвечаную ўрэгуляваньню ўкраінскага крызісу. Пра гэта паведаміў афіцыйны прадстаўнік ураду Германіі Штэфэн Зайбэрт, словы якога прыводзіць агенцтва Reuters.
Інфармацыю аб сустрэчы лідэраў пацьвердзіла таксама прэс-служба прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі. У заяве гаворыцца, што бакі чакаюць, што іх намаганьні ў час сустрэчы ў Менску прывядуць «да неадкладнага і безумоўнага двухбаковага спыненьня вагню».
Паводле Зайбэрта, у той жа дзень у Менску павінны сустрэцца бакі, якія падпісалі леташні Менскі мэмарандум, уключаючы прадстаўнікоў АБСЭ, Расіі, Украіны, а таксама так званых Данецкай і Луганскай народных рэспублік.
Таксама Зайбэрт пацьвердзіў, што ў нядзелю, 8 лютага, прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін, прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель і прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд правялі тэлефонную канфэрэнцыю па гэтым жа пытаньні.
«Падчас размовы яны працягнулі працу над пакетам захадаў у кантэксьце іх намаганьняў па выпрацоўцы ўсёабдымнага рашэньня канфлікту на ўсходзе Ўкраіны», — адзначыў Зайбэрт. «Гэтая праца будзе працягнутая заўтра [9 лютага] ў Бэрліне з мэтай правядзеньня саміту ў нармандзкім фармаце «ў сераду ў Менску», — дадаў прадстаўнік ураду ФРГ.
У канцы сьнежня мінулага году Пятро Парашэнка заяўляў, што чарговая сустрэча «нармандзкай чацьвёркі» можа прайсьці 15 студзеня ў Астане (Казахстан), але яна так і не адбылася.