Партыя Мікалая Статкевіча: Патрабуем вярнуць беларускіх жаўнераў у месцы сталага праходжання службы
Толькі народу Казахстана належыць права выбіраць уладу і шляхі развіцця краіны.
Прэзідыум партыі «Народная Грамада» апублікаваў заяву ў сувязі з удзелам беларускіх жаўнераў у інтэрвенцыі ў Казахстан:
– У Казахстане ўлады развязалі сапраўдную вайну супраць свайго народа, для падаўлення пратэсту выкарыстоўваюць агнястрэльную зброю, колькасць ахвяраў сярод дэманстрантаў пераваліла за сотню і прадаўжае расці.
У імкненні захаваць аднаасобную ўладу ўсякім коштам Такаеў звярнуўся з просьбай аб увядзенні ў Казахстан сіл АДКБ. У Казахстан ужо прыбылі сілавікі з Расеі і Беларусі. Гэта не міратворцы, а ўзброеныя і падрыхтаваныя для вядзення баявых дзеянняў спецпадраздзяленні.
Тым самым, упершыню ў гісторыі суверэннай Беларусі, беларускія вайскоўцы былі задзейнічаныя ў падаўленні пратэстаў грамадзянскага насельніцтва на чужой тэрыторыі, а АДКБ, створаная для абароны ад вонкавага ворага, ператварылася ў інструмент для развязання ўнутраных праблем дыктатараў са сваім народам.
Лукашэнка які год дэманструе, што ён небяспечны не толькі для свайго народа, але і для міжнароднага свету і бяспекі рэгіёна. Ён чарговым разам пайшоў на авантуру, адправіўшы ў Казахстан беларускіх вайскоўцаў.
Мы заяўляем, што замежнае сілавое ўмяшанне ў падзеі, якія адбываюцца ў Казахстане, недапушчальнае.
Толькі народу Казахстана належыць права выбіраць уладу і шляхі развіцця краіны.
Мы спадзяемся на мірнае развязанне канфлікту шляхам перамоваў і правядзення сумленных выбараў.
Мы патрабуем вярнуць нашых жаўнераў у месцы сталага праходжання службы. Не ставіць іх паміж замежным тыранам і ягоным уласным народам.