ПАШЫРЭННЕ РЭПРЭСІЙ ЗАМЕСТ ЛІБЕРАЛІЗАЦЫІ
Заява Рады БНК
Рада Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу канстатуе, што рэжым, які правіць у Беларусі, працягвае і пашырае палітыку ціску на грамадства. Пры ўсіх размовах пра лібералізацыю ціск не паслябляецца, а ўзмацняецца. Адбываецца не паабяцаная Захаду дэмакратызацыя, не эканамічныя і палітычныя рэформы, а мадэрнізацыя рэпрэсій. Аб\’ектамі іх, акрамя актывістаў палітычных партый, дэмакратычных арганізацый, цяпер робяцца яшчэ і журналісты, праваабаронцы, блогеры, эколагі, абаронцы месца масавых сталінскіх растрэлаў у Курапатах, незалежныя прафзаюзы.
Рада БНК выказвае абурэнне адмовай Мінскага гарадскога “суда” ў касацыйнай скарзе на крымінальны прысуд лідарам прафсаюза РЭП Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку. Паводле гэтага прысуду нашы таварышы мусяць чатыры гады жыць пад жорсткім кантролем міліцыі. З уласнага жытла яны могуць выходзіць толькі на працу, іх пазбавілі права займаць любыя кіруючыя пасады, у тым ліку і ў прафсаюзе.
Прысуд, вынесены цалкам залежным ад улады “судом” па цалкам прыдуманых абвінавачваннях, з\’яўляецца помстай рэжыму прафсаюзным лідарам за іх прынцыповую і паслядоўную дзейнасць па абароне правоў працоўных.
Рада заяўляе пра цвёрды намер змагацца за адмену несправядлівага прысуду Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку, за спыненне рэпрэсій супраць незалежнага грамадства нашай краіны.
Рада БНК заклікае грамадзянаў Беларусі і міжнародную супольнасць да салідарнасці з тымі, каго рэжым незаконна пераследуе за грамадзянскую пазіцыю і дзейнасць на карысць дэмакратыі і правоў чалавека.
Уладу – народу!
Жыве Беларусь!