Павел Севярынец: Час для перазагрузкі наспеў
Сузаснавальнік аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец распавядае пра “перазагрузку” беларуска-амерыканскіх адносін.
Беларусь была і будзе зацікаўленая ў падтрыманні паўнавартаснага супрацоўніцтва са Злучанымі Штатамі Амерыкі, заявіў Аляксандр Лукашэнка 3 жніўня на сустрэчы з дэлегацыяй кангрэсменаў ЗША.
«Мы ўвогуле ад гэтай пазіцыі ніколі не адыходзілі, нават у найгоршыя часы нашых адносінаў. І ў гэтыя ж складаныя часы, нават у іх, беларуска-амерыканскія адносны не спыняліся. Узаемадзейнічалі мы заўсёды па пытаннях арганізацыі глабальнай і рэгіянальнай бяспекі, што вельмі актуальна сёння, прадухілення незаконнага транзіту ядзерных матэрыялаў», — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА.
У сваю чаргу кангрэсмен Дана Рорабакер заявіла, што зараз можна казаць “пра перазагрузку стасункаў ЗША і Беларусі”.
Павел Севярынец: Відавочна, што час для перазагрузкі наспеў, бо нармальных адносінаў Беларусі са Злучанымі Штатамі Амерыкі – наймацнейшай дзяржавай у свеце – няма. І няма яе па віне беларускага рэжыму. Таму і крокі ў першую чаргу павінна прадпрымаць беларуская ўлада. І саступкі павінна рабіць яна. Пакуль усё выглядае так, што таемна, кулуарна прыязджаюць высокія прадстаўнікі з ЗША, і адносіны нармалізуюцца без саступак з боку сёняшняга рэжыму. То бок, палітвязні застаюцца ў турме, свабоды, як не было так і няма, людзей выкідваюць з працы і вучобы за праяўленне іншадумства, руйнуецца нацыянальная абарона, мова, культура. Здаецца кавалкамі Расеі беларуская незалежнасць, а ў гэты час быццам бы нармалізуюцца адносіны.
РР: Як павінна выглядаць перазагрузка на самай справе?
Павел Севярынец: Перад уладамі Беларусі павінна быць празрыстая дарожная мапа. Напрыклад, вызваляеце палітвязняў – нармалізуем працу амбасады. Праводзіце свабодныя справядлівыя выбары – можна разлічваць на такія і такія крэдытныя праграмы. Гэтая сітуацыя была б абсалютна ўсім зразумелая. А пакуль яна ўсё больш нагадвае закрытую гульню.
РР: Да 19 снежня 2010 году таксама была перазагрузка стасункаў беларускіх уладаў з Захадам. Ці магчыма паўтарэнне сцэнару пяцігадовай даўніны?
Павел Севярынец: На жаль, магчыма па той простай прычыне, што некаторыя заходнія чыноўнікі, відаць, забыліся, што было пяць гадоў таму. Яны думаюць, што, наступаючы на граблі, можна прасунуцца наперад нейкім чынам і пры гэтым не атрымаць па галаве. Але гісторыя паказвае, што дамаўляцца з беларускай уладай (ды яшчэ ўціхую) – гэта вялікая памылка. І расчароўвацца давядзецца ўсім.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя<