Выбары

Павел Севярынец: Галоўная праблема – у нас саміх

Беларуская апазіцыя не мае еднасці, гэта тычыцца і пытання абрання адзінага кандыдата на выбарах прэзідэнта 2015 года. У той жа час рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі цяпер найвялікшы за апошнія чатыры гады – сведчаць вынікі сацыялагічнага апытання.

Гэтыя факты каментуе адзін з лідараў стваранай партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Павел Севярынец.

РР: Прапаную пачаць з асобы Аляксандра Лукашэнкі. Па-першае, вынікі сацыялагічнага апытання, праведзенага НІСЭПД, сведчаць пра тое, што рэйтынг Лукашэнкі пайшоў угару. Па-другое, многія, у тым ліку і сярод прадстаўнікоў дэмакратычнай апазіцыі, выказваюцца пра тое, што кіраўнік Беларусі вельмі граматна сябе паводзіць як палітык у сітуацыі канфлікту ва Украіне. Наколькі вы можаце пацвердзіць або абвергнуць такія факты і меркаванні?

– Насамрэч, можна было б казаць пра эфектыўнасць працы Аляксандра Лукашэнкі як палітыка, калі б Беларусь зараз была абаронена ад пагрозы з боку Расеі, калі б Беларусь зараз мела цывілізаваную мяжу, калі б у Беларусі была развіта нацыянальная мова і культура, калі б Беларусь была самадастатковай краінай і не сядзела на «ігле» расейскіх танных рэсурсаў ды энерганосьбітаў. Тады б можна было казаць, што Аляксандр Лукашэнка – гэта эфектыўны палітык, гэта выразнік нацыянальных інтарэсаў. Але тое, што мы бачылі апошнія 20 гадоў – гэта тое, што Лукашэнка свядома заганяў сябе ў пастку, у якой у рэшце рэшт і апынуўся. Тое, што ён зараз спрабуе з гэтай пасткі выбрацца – гэта пытанне ягонага выжывання, прычым не толькі палітычнага, я перакананы. Адначасова, ну, за 20 гадоў досвед ёсць. Лукашэнка карыстаецца і тым, што ён больш манеўраны, чым Пуцін (у таго больш задач глабальнага маштабу), а Лукашэнка можа выгадаць штосьці для сябе больш, чым Парашэнка, у якога вайна, чым заходнікі, якія варацца ва ўласным соку, ці Пуцін, які мае свае драпежныя амбіцыі. І ў гэтым плане  Лукашэнка ратуецца. І дакуль ён будзе ратаваць сваю ўладу, да таго часу ён і будзе вырашаць, так скажам, пытанні «завіслай» беларускай незалежнасці.

РР: Але пакуль яму гэта атрымліваецца – ратавацца…

– Пакуль атрымліваецца. Па нейкіх кроках мы выгадалі на санкцыях і на расейскім імпарце трошкі, выгадалі трохі на гэтых перамовах у Менску, але там мала што залежала ад Лукашэнкі, так склалася агульная сітуацыя, ён проста быў гаспадаром пляцоўкі, на якой сустрэліся бакі канфлітку ва Украіне. Адначасова расейскія базы і расейскія войскі ўжо ў Беларусі. На працягу некалькіх дзён Беларусь можа знікнуць з мапы свету па прыкладзе Крыма, «зялёных чалавечкаў» ніхто не адмяняў, яны тут яшчэ бліжэй, чым да Крыма. Тут трэба ўсім беларусам збірацца разам і думаць, як быць далей, таму што і Лукашэнка патрапіўся, і разам з ім патрапіліся і мы, патрапілася Беларусь.

РР: Не забываем пра тое, што мы знаходзімся фактычна напярэдадні новай прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. І якраз у гэты час Аляксандр Лукашэнка апынуўся ў нядрэннай для сябе сітуацыі. Ці мае ён на сёння рэальную канкурэнцыю?

– Лукашэнка знаходзіцца ў добрай сітуацыі не таму, што ён сябе добра паводзіць, а таму што там створаная адладжаная сістэма фальсіфікацый, якая ў кожным разе абвесціць яго пераможцам выбарчай кампаніі. Пра выбары я не кажу. Выбараў там няма.

РР: Вы лічыце, што калі б цяпер адбыліся свабодныя і справядлівыя выбары, то Лукашэнка не набраў бы 50% галасоў выбаршчыкаў, без фальсіфікацый?

– Калі б зараз адбыліся свабодныя і дэмакратычныя выбары, у якіх кандыдатам у прэзідэнты дазвалялі казаць праўду, то Лукашэнка з трэскам прайграў бы, з трэскам. Я вас запэўніваю. Таму што рэчы, якія за 20 гадоў яго кіравання назапасіліся, а калі б у дэмакратычнай апазіцыі быў яшчэ і адзіны кандыдата, то на сапраўдных выбарах Лукашэнка прайграў бы і Зянону Пазняку, і Міколу Статкевічу, і Уладзіміру Някляеву, і шмат-шмат каму. У гэтым я перакананы. Пакуль што людзі не ведаюць усяго аб’ёму праўды, людзі не маюць свабоднага выбару, існуе сістэма фальсіфікацый. Канешне, сітуацыя цяжкая. Апазіцыі трэба пераглядаць шмат якія рэчы, у першую чаргу, што да тактыкі вось гэтай перманентнай раз’яднанасці. Апазіцыі трэба вылучаць адзінага, я перакананы. Можа гэта нават не будзе адзіны кандыдат на выбарах, бо выбараў няма, але адзіны лідар патрэбны.

РР: Але ўжо цяпер рыхтуюцца два кангрэсы па вылучэнні адзінага…

– Так. І гэта кепска, безумоўна. Вось я апошнія шэсць месяцаў намагаўся з’яднаць хоць штосьці, каб хоць найменшае зло ў гэтай сітуацыі было, каб беларускі дэмакратычны рух размаўляў з народам, размаўляў з захадам і размаўляў з рэжымам адной мовай і адным голасам. На жаль, пакуль гэтага дапамагчыся не ўдаецца, але такая мэта застаецца.

РР: І гэта ўсё ў чаканнях і спадзяваннях. Бо дэ-факта рэйтынг Лукашэнкі расце, дэ-факта апазіцыя пакуль раз’яднаная і дэ-факта выбары не будуць ні свабоднымі, ні дэмакратычнымі…

– Так. Так, на жаль, тут сітуацыя складаная.

РР: Але не тупіковая?

– Не, не тупіковая, безумоўна. Сітуацыя была тупіковая, або лічылася тупіковай, калі Беларусь была пад Савецкім Саюзам, напрыклад, калі ў Расейскай імперыі быў забаронены назоў Беларусь, мы былі Паўночна-Заходнім краем. Тады была сітуацыя тупіковая, але ж глядзеш праз колькі дзясяткаў гадоў там і там ужо беларуская незалежнасць. Таму Беларусь выжыве, Беларусь жыве, і гэта не проста лозунг, гэта факт неаспрэчны, і таму асновы для надзеі ёсць.

Я хачу звярнуць увагу на стадыён у Барысаве, які спяваў «Купалінку» і вершы Купалы скандаваў, на канцэрты Вольскага або «Ляпісаў», які збіраюць шматтысячныя аўдыторыі. Гэта паказвае на тое, што Беларусь жыве, нягледзячы на тое, што апазіцыя ва ўпадку, нейкія постаці прыходзяць і сыходзяць, але грунт для аднаўлення беларускай незалежнасці ёсць. І хачу звярнуць увагу на такую рэч: калі мы не будзем гатовыя браць на сябе адказнасць за Беларусь, то Бог нам гэтую адказнасць не дасць. Калі апазіцыя не будзе аб’яднаная і не будзе гатовая, то яна не атрымае гэтай улады. Калі мы як нацыянальны рух не будзем гатовыя, мы гэтага не атрымаем. Тут праблема ні ў Лукашэнку, і нават ні ў Расеі – тут праблема ў нас саміх.

Гутарыла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя