Павел Вінаградаў: Хачу адваёўваць вуліцу, як гэта робіць Мікалай Статкевіч
Трэба вярнуць права людзей на вулічныя пратэсты. Перамагчы дыктатуру можа толькі вуліца, а не інтэрнэт і смешныя малюнкі.
9 кастрычніка суд у Беразіно разглядаў прапанову Бярэзінскага РАУС аб працягу прэвентыўнага нагляду над грамадскім актывістам Паўлам Вінаградавым. Аднак суддзя разважыў, што падстаў для працягу прэвентыўнага нагляду няма.
Павел Вінаградаў распавёў «Радыё Свабода», чаму ён перш за ўсё радуецца ў сітуацыі, калі зняты прэвентыўны нагляд:
«Першае і самае важнае – цяпер няма псіхалагічнага ціску. Я цяпер не абавязаны адкрываць дзверы міліцыі пасля 20 гадзін і не абавязаны хадзіць штотыдзень адзначацца ў пастарунку. Другое – гэта свабода перамяшчэння. Я магу ездзіць па Беларусі і ў хуткім часе, калі ўвойдзе ў дзеянне пастанова суда, змагу выязджаць за мяжу. Трэцяе – цяпер мне не трэба, як у дзяцінстве, вяртацца а 20 гадзіне дадому. Чацвёртае – я магу спакойна гуляць вечарам з жонкай, заседзецца ў бары».
Што тычыцца вяртання да актыўнага палітычнага і грамадскага жыцця, дык Павал сказаў, што пакуль хоча «агледзецца і паразмаўляць з людзьмі»:
«Я пакуль яшчэ не з усімі пагаварыў, з кім хацеў. Але я хацеў бы працягнуць адваёўваць вуліцу. І зраблю ўсё, што залежыць ад мяне, каб гэта працягнулася. Калі я кажу пра вуліцу, то маю на ўвазе прыкладна тое, пра што цяпер кажа Мікалай Статкевіч. Трэба вярнуць права людзей на вулічныя пратэсты. У нас яны ўжо практычна заглухлі. А вулічныя пратэсты – гэта самае галоўнае. Даць рады ў барацьбе з дыктатурай можа толькі вуліца, а не інтэрнэт і не смешныя малюнкі, якія там распаўсюджваюцца».
Пасля Плошчы ў снежні 2010 года Павел Вінаградаў быў арыштаваны, а затым асуджаны на 4 гады пазбаўлення волі. 14 верасні 2011 актывіст быў вызвалены згодна з указам аб памілаванні. Але за ім быў устаноўлены прэвентыўны нагляд тэрмінам на тры з паловай гады.
12 снежня 2014 грамадскі актывіст Павел Вінаградаў вымушана з\’ехаў з Менска, каб пазбегнуць пільнай увагі да сябе з боку праваахоўнікаў і адміністрацыйнага пераследу.