Павел Вінаградаў падарыў актывістам пазл з Пагоняю
Сябра аб’яднання “Zмена” Павел Вінаградаў выйшаў на волю пасля 12-дзённага арышту. Асноўнай інтрыгаю вызвалення была прысутнасць палітычных і грамадскіх лідараў, якіх Павел заклікаў у сваім звароце сустрэць яго ля сценаў ізалятару.
Вінаградаў выйшаў на волю (04.05.2013)
Павал Вінаградаў на волі (04.05.2013)
Павал Вінаградаў і ягоны пазл з Пагоняю (04.05.2013)
Заклік маладзёна да салідарнасці закрануў за жывое: амаль усе асобы, згаданыя ім у допісе, далучыліся да сустрэчы або накіравалі сваіх прадстаўнікоў. Ля брамы турмы сабраліся каля 70 асобаў, сярод якіх – Уладзімір Някляеў, Уладзімір Мацкевіч, Валер Шчукін, Марына Адамовіч, Наста Дашкевіч, Васіль Парфянкоў, сябры ПБНФ, АГП, БХД, кампаніі “Гавары праўду”, “Еўрапейскай Беларусі” ды іншыя.
На знак удзячнасці актывіст падараваў прадстаўнікам грамадскасці 17 частак пазла, які разам складае бел-чырвона-белы сцяг з Пагоняю. Пазл мае сімвалізаваць неабходнасць яднання ўсіх дэмакратычных сілаў Беларусі.
“Мне сапраўды прыемна, што на маю просьбу згадаць пра салідарнасць адгукнулася столькі людзей. У ідэале хацелася б, каб сустракаць палітсядзельцаў ля сценаў Акрэсціна збіраліся тысячы. А яшчэ лепей, каб палітычныя прысуды спыніліся ўвогуле”, – сказаў Павел Вінаградаў “Белсату”.
Паўла затрымалі 22 красавіка за акцыю салідарнасці з палітвязнем Мікалаем Статкевічам.
НЯ, belsat.eu