Прэвентыўная зачыстка
26 красавіка адбыўся традыцыйны “Чарнобыльскі шлях”. Але не ўсе ахвотныя змаглі на яго трапіць. Шэраг апазіцыйных актывістаў асудзілі – ад 5 да 25 дзён арышту. Найдаўжэй за краты трапіў былы палітвязень, маладафронтавец Зміцер Дашкевіч. Суд пакараў яго ажно паводле двух артыкулаў.
Прэвентыўная зачыстка (25.04.2014)
Гэтую ноч моладзевы лідар Зміцер Дашкевіч правёў на бетоннай падлозе Першамайскага РУУС. Яго затрымалі проста ля ўласнага дому. Прычына, як высветлілася, не толькі ў парушэнні прэвентыўнага нагляду.
ЗМІЦЕР ДАШКЕВІЧ, СУСТАРШЫНЯ «МАЛАДОГА ФРОНТУ»:
“Мяне адвезлі ў РУУС для высвятлення асобы. Толькі сёння на судзе я даведаўся, што склалі два пратаколы: першы, за парушэнне, складаў мой інспектар – тут усё зразумела, а другі – быццам бы я сядаў на зямлю, махаў рукамі”.
Гэтае другое абвінавачанне ў непадпарадкаванні міліцыянтам Дашкевіч назваў хлуснёю. Суд жа асабліва ў матэрыялах справы не разбіраўся і паверыў сведчанням міліцыянтам, кажа праваабаронца Наста Лойка. Бо мэты былі іншыя.
НАСТА ЛОЙКА, ПРАВААБАРОНЦА:
“Ён насамрэч парушыў гэтыя жорсткія ўмовы прэвентыўнага нагляду. Але гэта першае парушэнне пасля прыцягнення, і там толькі прадугледжаны штраф. Таму, каб яго ізаляваць, быў складзены пратакол за непадпарадкаванне”.
У мэтах затрымання ўпэўнены і сам былы палітвязень.
ЗМІЦЕР ДАШКЕВІЧ, СУСТАРШЫНЯ «МАЛАДОГА ФРОНТУ»:
“Прычына ўсяго гэтага відавочная – грамадская актыўнасць, якая падчас вясны звычайна адбываецца. Чэмпіянат свету па хакеі – ім, канечне, трэба ізаляваць тых, каго яны вырашаюць ізаляваць”.
Ізалююць жа маладафронтаўца ажно на 25 содняў.
І гэта – далёка не першы прэвентыўны вырак толькі за апошнія некалькі дзён.
Ад 5 да 12 содняў правядуць за кратамі і чацвёра іншых грамадскіх актывістаў. Сярод іх – Ілля Дабратвор, які быў адным з заяўнікаў акцыі “Чарнобыльскі шлях”. Акурат з правядзеннем гэтай – дазволенай уладамі акцыі ў суботу – і звязваюць прэвентыўныя арышты праваабаронцы. Сярод іншых прычынаў называюць і візіт Пуціна, запланаваны 29 красавіка.
Да побыту на Акрэсціна рыхтаваўся і моладзевы актывіст Павел Вінаградаў. Аднак суд Маскоўскага раёну сталіцы абмежаваўся павелічэннем тэрміну прэвентыўнага нагляду – плюс паўгода да ўжо адбытых двух. І – выезд з Менску на час чэмпіянату.
ПАВЕЛ ВІНАГРАДАЎ, МОЛАДЗЕВЫ АКТЫВІСТ:
“Сказалі, што ёсць выбар – ідзеш на содні да канца чэмпіянату ці з’язджаеш з гораду. Я выбраў з’язджаць з гораду”.
Ці застанецца спартовая імпрэза выключна спартоваю? У гэтым сумняваюцца ажно адзінаццаць праваабарончых арганізацыяў з усяго свету, якія заклікалі не высылаць афіцыйных урадавых дэлегацыяў у Беларусь падчас травеньскага чэмпіянату. Сярод прычынаў праваабаронцы згадваюць, між іншага, сістэматычныя парушэнні правоў чалавека, пераслед апазіцыі ды наяўнасць палітвязняў у Беларусі.
Ганна Любакова, “Аб’ектыў”