Навіны

Прэзідэнт ПАСЕ агучыла ўмовы аднаўлення кантактаў з афіцыйным Мінскам

Ад Беларусі чакаюць увядзення мараторыя на смяротнае пакаранне, вызвалення палітвязняў і правядзення свабодных выбараў.

22 красавіка ў Страсбургу прэзідэнт Парламенцкай асамблеі савета Еўропы Ан Брасэр выказалася пра сітуацыю ў Беларусі. Яна нагадала ўмовы аднаўлення кантактаў з афіцыйным Мінскам: увядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне, вызваленне палітвязняў і правядзенне свабодных выбараў. Да выканання трох гэтых умоваў казаць ні пра аднаўленне кантактаў на вышэйшым узроўні паміж ПАСЕ і афіцыйным Мінскам, ні пра вяртанне нашай краіне статусу спецзапрошанага казаць не даводзіцца.

“Я прызнаю важнасць ролі Беларусі ў арганізацыі ў Мінску перамоваў па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне — яны былі скіраваныя на тое, каб знайсці шляхі ўрэгулявання на ўсходзе Украіны. Хоць Мінскае пагадненне і даволі крохкае, спыненне агню пакуль неўстойлівае. Але тое, што Беларусь дала бакам пляцоўку для перамоў — пазітыўны крок. Але тым не менш, мы не можам забывацца на тыя перашкоды, якія не дазваляюць Беларусі ўвайсці ў Савет Еўропы: пытанне смяротнага пакарання, свабодных выбараў і вызваленне палітвязняў. Мы проста не можам сказаць: Вось, вы шмат зрабілі для перамоваў па Украіне і мы адкідаем у бок тыя значныя пытанні, якія мы ўздымалі. Але калі па гэтых пытаннях будзе прагрэс, то цалкам магчыма, што рашэнне аб недапушчэнні кантактаў на вышэйшым узроўні будзе адменена”, — заявіла Ан Брасэр у адказ на пытанне карэспандэнта Еўрарадыё.

Па яе словах, першым сведчаннем такога прагрэсу могуць стаць будучыя прэзідэнцкія выбары. Калі ад самага пачатку яны будуць праходзіць ва ўмовах роўных магчымасцяў для ўсіх кандыдатаў і свабоды, то гэта стане сігналам для ПАСЕ, што Беларусь сапраўды хоча развіцця дыялогу, кажа прэзідэнт ПАСЕ.

Нагадаем, рашэнне аб спыненні кантактаў на вышэйшым узроўні паміж ПАСЕ і Беларуссю было прынятае ў красавіку 2010 года.