Мікалай Статкевіч

Лідэр партыі "Народная Грамада"

Выбары

Прэзыдэнцкія выбары прызначаныя на 11 кастрычніка. АБНОЎЛЕНА

За гэтую прапанову прагаласавалі 102 са 104 зарэгістраваных дэпутатаў. Старшыня парлямэнцкай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраваньні і рэглямэнце Генадзь Грыцкевіч, выступаючы перад сваімі калегамі, зьвярнуў увагу на некалькі абставінаў. Па-першае, прызначэньне выбараў менавіта сёньня дазваляе не праводзіць пазачарговую сэсію Палаты прадстаўнікоў, паколькі ў іншым выпадку дэпутатам давялося б зьбірацца дадаткова: сёньня апошні дзень іх працы, а наступным разам яны зьбяруцца толькі 2-га кастрычніка. Па-другое, правядзеньне выбараў 11-га кастрычніка дазваляе, калі гэта спатрэбіцца, правесьці своечасова і другі тур выбараў. Праўда, як сказаў перад гэтым журналістам спадар Грыцкевіч, ён сумняецца ў тым, што другі тур наогул спатрэбіцца.

Выступаючы перад дэпутатамі Палаты Прадстаўнікоў, старшыня Цэнтральнай Выбарчай Камісіі Лідзія Ярмошына назвала найбольш важныя даты правядзеньня выбарчай кампаніі, у прыватнасьці, яна сказала, што рэгістрацыя ініцыятыўных груп патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь павінна адбыцца не пазьней, чым 22-га ліпеня. З 23-га ліпеня пачнецца збор подпісаў у падтрымку таго ці іншага прэтэндэнта. Рэгістрацыя кандыдатаў у прэзыдэнты адбудзецца не пазьней за 15-га верасьня, а датэрміновае галасаваньне пройдзе з 6-га па 10-е кастрычніка.

Лідзія Ярмошына назвала некалькі адметнасьцяў новай прэзыдэнцкай кампаніі. Яна пералічыла фактары, якія будуць адрозьніваць абраньне прэзыдэнта ў 2015-м годзе ад ранейшых кампаніяў. 

Па-першае, кандыдаты ў прэзыдэнты будуць самастойна фінансаваць сваю кампанію. Зьнятыя абмежаваньні на асабісты фінансавы фонд кожнага кандыдата ў прэзыдэнты, і гэтыя фонды можна будзе рэгістраваць ужо з моманту рэгістрацыі ініцыятыўных групаў. На думку Лідзіі Ярмошынай, гэтая навэла прывядзе да легалізацыі выдаткаў, якія нясуць кандыдаты ў прэзыдэнты падчас збору подпісаў. 

Другое: цяпер зьвесткі пра кандыдатаў будуць паведамляцца ў агульнай улётцы, якую будзе рыхтаваць Цэнтральная выбарчая камісія. Такія ўлёткі празь Белпошту атрымаюць усе выбарцы. Дарэчы, адказваючы пасьля на пытаньне Свабоды, ці змогуць патэнцыйныя кандыдаты ў прэзыдэнты пазнаёміцца з тымі дадзенымі, якія пра іх напішуць ва ўлётцы, Лідзія Ярмошына дала станоўчы адказ: “Так, калі яны захочуць, яны могуць прыйсьці і паглядзець. Там ня будзе нічога асабістага, будуць толькі тыя зьвесткі, якія далі пра сябе”. 

Трэцяя адметнасьць – на сёлетніх выбарах забаронены заклік да байкоту выбараў, прычым гэта тычыцца ня толькі патэнцыйных кандыдатаў і сяброў іхніх камандаў, але і ўсіх выбарцаў. Лідзія Ярмошына сказала, што такая навэла выкліканая тым, што Беларусь далучылася да Канвэнцыі аб стандартах выбараў СНД, а ў гэтай канвэнцыі існуе такая забарона. 

Чацьвёртая адметнасьць у тым, што даверанымі асобамі кандыдатаў у прэзыдэнты ня могуць быць іншыя кандыдаты ў прэзыдэнты. Ярмошына патлумачыла гэта тым, што падчас ранейшых кампаніяў многія кандыдаты карысталіся такой магчымасьцю і фактычна павялічвалі час агітацыі на сваю карысьць. 

У лістоўках, якія рыхтуе Цэнтравыбаркам, абавязкова будзе паведамлена, ці быў кандыдат у прэзыдэнты асуджаны, незалежна ад таго, пагашана альбо зьнята зь яго судзімасьць.

Яшчэ адна навэла ў тым, што зьмянілася форма дэклярацыі. Калі цяпер у кандыдата ў прэзыдэнты няма крыніцы прыбыткаў, то ён абавязаны паказаць, за чый кошт ён існуе. А таксама кандыдаты цяпер атрымалі магчымасьць абскардзіць некаторыя рашэньні Цэнтральнай выбарчай камісіі – напрыклад, аб адмове ў іх рэгістрацыі.

Ранейшыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі праходзілі ў 1994, 2001, 2006 і 2010 гадах. Паводле дадзеных Цэнтральнай выбарчай камісіі, на ўсіх гэтых выбарах перамагаў адзін і той жа чалавек — Аляксандар Лукашэнка.

Уладзімер Глод, Радыё Свабода


Fatal error: Uncaught wfWAFStorageFileException: Unable to save temporary file for atomic writing. in /sites/statkevich.org/wp-content/plugins/wordfence/vendor/wordfence/wf-waf/src/lib/storage/file.php:34 Stack trace: #0 /sites/statkevich.org/wp-content/plugins/wordfence/vendor/wordfence/wf-waf/src/lib/storage/file.php(658): wfWAFStorageFile::atomicFilePutContents('/sites/statkevi...', '<?php exit('Acc...') #1 [internal function]: wfWAFStorageFile->saveConfig('livewaf') #2 {main} thrown in /sites/statkevich.org/wp-content/plugins/wordfence/vendor/wordfence/wf-waf/src/lib/storage/file.php on line 34