Прэзыдэнцкія выбары прызначаныя на 11 кастрычніка. АБНОЎЛЕНА
Выступаючы перад дэпутатамі Палаты Прадстаўнікоў, старшыня Цэнтральнай Выбарчай Камісіі Лідзія Ярмошына назвала найбольш важныя даты правядзеньня выбарчай кампаніі, у прыватнасьці, яна сказала, што рэгістрацыя ініцыятыўных груп патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь павінна адбыцца не пазьней, чым 22-га ліпеня. З 23-га ліпеня пачнецца збор подпісаў у падтрымку таго ці іншага прэтэндэнта. Рэгістрацыя кандыдатаў у прэзыдэнты адбудзецца не пазьней за 15-га верасьня, а датэрміновае галасаваньне пройдзе з 6-га па 10-е кастрычніка.
Лідзія Ярмошына назвала некалькі адметнасьцяў новай прэзыдэнцкай кампаніі. Яна пералічыла фактары, якія будуць адрозьніваць абраньне прэзыдэнта ў 2015-м годзе ад ранейшых кампаніяў.
Па-першае, кандыдаты ў прэзыдэнты будуць самастойна фінансаваць сваю кампанію. Зьнятыя абмежаваньні на асабісты фінансавы фонд кожнага кандыдата ў прэзыдэнты, і гэтыя фонды можна будзе рэгістраваць ужо з моманту рэгістрацыі ініцыятыўных групаў. На думку Лідзіі Ярмошынай, гэтая навэла прывядзе да легалізацыі выдаткаў, якія нясуць кандыдаты ў прэзыдэнты падчас збору подпісаў.
Другое: цяпер зьвесткі пра кандыдатаў будуць паведамляцца ў агульнай улётцы, якую будзе рыхтаваць Цэнтральная выбарчая камісія. Такія ўлёткі празь Белпошту атрымаюць усе выбарцы. Дарэчы, адказваючы пасьля на пытаньне Свабоды, ці змогуць патэнцыйныя кандыдаты ў прэзыдэнты пазнаёміцца з тымі дадзенымі, якія пра іх напішуць ва ўлётцы, Лідзія Ярмошына дала станоўчы адказ: “Так, калі яны захочуць, яны могуць прыйсьці і паглядзець. Там ня будзе нічога асабістага, будуць толькі тыя зьвесткі, якія далі пра сябе”.
Трэцяя адметнасьць – на сёлетніх выбарах забаронены заклік да байкоту выбараў, прычым гэта тычыцца ня толькі патэнцыйных кандыдатаў і сяброў іхніх камандаў, але і ўсіх выбарцаў. Лідзія Ярмошына сказала, што такая навэла выкліканая тым, што Беларусь далучылася да Канвэнцыі аб стандартах выбараў СНД, а ў гэтай канвэнцыі існуе такая забарона.
Чацьвёртая адметнасьць у тым, што даверанымі асобамі кандыдатаў у прэзыдэнты ня могуць быць іншыя кандыдаты ў прэзыдэнты. Ярмошына патлумачыла гэта тым, што падчас ранейшых кампаніяў многія кандыдаты карысталіся такой магчымасьцю і фактычна павялічвалі час агітацыі на сваю карысьць.
У лістоўках, якія рыхтуе Цэнтравыбаркам, абавязкова будзе паведамлена, ці быў кандыдат у прэзыдэнты асуджаны, незалежна ад таго, пагашана альбо зьнята зь яго судзімасьць.
Яшчэ адна навэла ў тым, што зьмянілася форма дэклярацыі. Калі цяпер у кандыдата ў прэзыдэнты няма крыніцы прыбыткаў, то ён абавязаны паказаць, за чый кошт ён існуе. А таксама кандыдаты цяпер атрымалі магчымасьць абскардзіць некаторыя рашэньні Цэнтральнай выбарчай камісіі – напрыклад, аб адмове ў іх рэгістрацыі.
Ранейшыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі праходзілі ў 1994, 2001, 2006 і 2010 гадах. Паводле дадзеных Цэнтральнай выбарчай камісіі, на ўсіх гэтых выбарах перамагаў адзін і той жа чалавек — Аляксандар Лукашэнка.