Навіны

Прэзыдэнт ФРГ: Мне б хацелася, каб палітычная сытуацыя ў Беларусі зьмянілася

У сваім звароце да Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Ёахім Гаўк заклікаў краіны Ўсходняй Эўропы захоўваць правы чалавека. Ён выступіў за дэмакратычныя рэформы ў Беларусі і за незалежнасьць Косава.

«Правы і свабоды ня толькі павінны быць замацаваны на паперы, яны павінны дзейнічаць на практыцы», — заявіў Гаўк 22 красавіка на сэсіі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы ў Страсбургу.

Гэта тычыцца як заходнеэўрапейскіх, так і ўсходнеэўрапейскіх краін, адзначыў прэзыдэнт ФРГ. На яго думку, не павінна быць «падвойных стандартаў» ні на захадзе, ні на ўсходзе Эўропы, перадае агенцтва AFP.

Ёахім Гаўк зьвярнуўся да краін, якія ўваходзяць у Раду Эўропы, з заклікам не забывацца пра інтарэсы грамадзянскай супольнасьці ў дзьвюх эўрапейскіх краінах, якія пакуль не зьяўляюцца сябрамі гэтай арганізацыі, — у Беларусі і Косаве.

«Мне б хацелася, каб палітычная сытуацыя ў Беларусі зьмянілася настолькі, каб можна было усур’ёз абмяркоўваць уступленьне краіны ў Раду Эўропы», — прыводзіць словы Гаўка сайтcouncil . Гэта можа адбыцца, калі ў Беларусі адменяць сьмяротнае пакараньне, адпусьцяць на волю палітычных зьняволеных і правядуць дэмакратычныя рэформы.

Палітычная сытуацыя ў Косаве, паводле прэзыдэнта Нямеччыны, іншая. Імпульсам для разьвіцьця краіны стане яе інтэграцыя ў міжнародныя арганізацыі. Ёахім Гаўк заклікаў усе дзяржавы Рады Эўропы прызнаць незалежнасьць Косава.

Радыё Свабода