Прысуд Статкевічу: «Крытая» турма да канца тэрміну
Палітвязень Мікола Статкевіч мусіць сядзець у турме ў «крытцы» ў пагоршаных умовах 1 год, сем месяцаў і 15 дзён, то бок да канца тэрміну зьняволеньня.
Такі прысуд у шклоўскай калёніі № 17 вынесла судзьдзя Сьвятлана Баранцава.
Яна прызнала Мікалая Статкевіча вінаватым у парушэньні правілаў унутранага распарадку калёніі.
На судзе была жонка палітвязьня Марына Адамовіч. Яна сказала, што Мікола ўспрыняў вырак спакойна і іншага не чакаў.
Мікола Статкевіч таксама сказаў, што ні пры якіх умовах ня будзе пісаць прашэньне аб памілаваньні. Статкевіч быў асуджаны на 6 гадоў зьняволеньня нібыта за арганізацыю вулічных беспарадкаў 19 сьнежня 2010 году.
Марына Адамовіч апавяла:
«Судзьдзя Сьвятлана Баранцава задаволіла хадайніцтва Шклоўскай калёніі № 17 і асудзіла Міколу на пагаршэньне ўмоў адбываньня пакараньня, то бок, на перавод на турэмны рэжым да заканчэньня тэрміну. На сёньняшні дзень — гэта 1 год, 7 месяцаў і 15 дзён. Куды ён будзе этапаваны і калі, я магу толькі здагадвацца. У нас ёсьць толькі тры турмы.
Мікола дужа спакойна ўспрыняў вырак. Для яго гэта было дужа ўсё зразумела. Сюрпрызаў не было. Ён скарыстаў гэты працэс, каб яшчэ раз агучыць свае перакананьні, і прасіў перадаць усім, што ніколі, ні пры якіх умовах ад іх не адмовіцца».
Паводле Марыны Адамовіч, суд праходзіў на тэрыторыі калёніі.
«Таму на ім прысутнічалі яе супрацоўнікі, судзьдзя, сакратар і дужа адметна — старшыня назіральнай камісіі, які зьяўляецца яшчэ намесьнікам старшыні райвыканкаму, таксама намесьнік пракурора Каткавец.
Мы з адвакатам дамагліся трапіць на працэс. Я для гэтага прыклала дужа вялікія намаганьні. Яшчэ на мінулым тыдні прывезла і зарэгістравала заявы і ў суд, і сюды непасрэдна ў калёнію, але ўсё роўна гэтыя ўзгадненьні цягнуліся больш за гадзіну».
Анатоль Лябедзька: «Лёсам Статкевіча цяпер запалохваюць будучых кандыдатаў на прэзыдэнта»
Старшыня АГП Анатоль Лябедзька мяркуе, што новае асуджэньне Мікалая Статкевіча стала вынікам аслабленьня ціску на Лукашэнку ўнутры краіны і з боку Захаду
«Для мяне гэтае рашэньне было ўжо чаканым. Бо прайшоў той час, калі можна было гуляць у моцнага правіцеля, які міласэрны да сваіх апанэнтаў. І мяркую, зараз чым бліжэй прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, тым менш шанцаў, каб адпусьцілі палітвязьняў, у прыватнасьці Статкевіча. Для ўлады ён зараз выконвае іншую функцыю. Гэта запалохваньне апанэнтаў улады, жывы прыклад таго, што можа быць, калі вы паспрабуеце перайсьці рысу, якую для вас намалявала ўлада. А гэта рыса моцнай самацэнзуры. Вызваленьне Статкевіача магло б адбыцца, калі б больш рашучым было слова міжнароднай супольнасьці. А Лукашэнка зразумеў, што, негледзячы на рыторыку, палітычнай волі няма ў словах пра гэтую праблему. Зразумеў, што ніхто ня будзе біцца, рэзка настойваць, што прынялі ягоныя правілы дэпалітызацыі дыялёгу, і таму шанцы на вызваленьне Статкевіча ды іншых палітвязьняў у апошні час зьменьшыліся».
Карэспандэнт: «У вашых словах прагучала прэтэнзія адносна пазыцыі Захаду. А як наконт унутранай палітычнай сытуацыі?»
Лябедзька: «Гэта не прэтэнзія, але канстатацыя фактаў. Тут усё разам. Захад не займаецца праблемай беларускіх палітвязьняў у чыстым выглядзе, тут і геапалітыка, і падзеі ва Ўкраіне, таму гэта нялёгкае рашэньне — ісьці на дыялёг з Лукашэнкам. Трэба было больш настойліва патрабаваць гэтага раней, да вядомых падзей, і вынік мог бы быць. А што датычыць унутранай сытуацыі, дык мы бачым, што за гэты час самацэнзура стала вельмі моцным трэндам. Гэта датычыць і палітыкаў, і грамадзкіх арганізацый, і журналісцкай супольнасьці, літаральна ўсіх — на вялікі жаль. Я сам быў арганізатарам акцый салідарнасьці са зьніклымі, калі па некалькі тысячаў выходзілі з партрэтамі, станавіліся ўздоўж праспэкту. Зараз гэта ўзгадваецца як нешта абсалютна неверагоднае. Поле дзейнасьці па гэтым пытаньні сапраўды зьменьшылася. Але разам з тым нельга казаць, што мы стаміліся. Трэба быць прынцыповымі і працягваць змагацца».
Зьміцер Дашкевіч: «Наяўнасьць Статкевіча ў калёніі падымала там градус палітычных размоў»
Былы палітвязень Зьміцер Дашкевіч прайшоў за час адседкі праз такі ж суд, які сёньня зьведаў Мікалай Статкевіч.
«Як былы вязень скажу, што ў Мікалая Статкевіча, самага вядомага палітвязьня, які кідаў асабісты выклік Лукашэнку, было толькі два шляхі з калёніі: альбо крытая турма, альбо раскрутка на яшчэ год ці нават два. Таму тое, што турма толькі да званку — хаця б гэта радуе. Больш верагодна, што чалавек праз год і 7 месяцаў выйдзе на волю. Але што да самога асуджэньня, то тут ўсё подла і зразумела. Ніхто з зонаўскага кіраўніцтва ня возьме на сябе адказнасьць, каб Статкевіч хадзіў па зоне сярод двух тысяч асаджаных і пра нешта зь імі размаўляў. Ужо сама па сабе ягоная наяўнасьць ў зоне ўздымае градус палітычных размоў, а гэтага ў калёніі ня трэба. Таму яго ізалявалі для сёньняшняй зонаўскай сыстэмы цалкам лягічна».
Павал Севярынец: Рэжым паказвае, што Эўропа прыме нас такім, якія мы ёсьць
Сустаршыня БХД, былы палітвязень Павал Севярынец адзначыў, што рашэньне аб адпраўцы Мікалая Статкевіча зноў у крытую турму прымалася ў час, калі ў Менску зь візытам знаходзіліся дэпутаты Бундэстагу.
«Гэта зьдзек з усіх палітвязьняў, з усіх беларусаў. Рэжым паказвае, што Эўропа прыме нас такімі, якія мы ёсьць, а мы будзем тут душыць такіх, як вы, душыць напаказ, каб тыя зразумелі, што прымуць нас вось гэткімі. Гэта азэрбайджанізацыя Беларусі. А тое, што эўрапейцы сюды езьдзяць, і канца няма гэтым паездакам, паказвае, што эўрапейцы сапраўды гэта прымаюць на дадзеным этапе. Гэта яшчэ адна кепская навіна.
Яшчэ адзначу, што гэтак рэжым набівае кошт палітвязьням. Калі раптам будзе вырашана вызваліць кагосьці зь іх, альбо нават усіх, то Лукашэнка зможа атрымаць за гэта шмат бонусаў. На жаль, гэта ня першы раз і ня першы дзясятак разоў рэжым паводзіць сябе гэтак нахабна і зьдзекліва.
Але — будзем пільнаваць рэакцыю грамадзтва. Што тычыць нас, дык хрысьціянскія дэмакраты сабралі ужо больш за 500 чалавек у ініцыятыўную групу Статкевіча. Гэта наш адказ. Мы зьбіраем разам подпісы і за вызваленьне палітвязьняў, і ў ініцыятыўную групу Статкевіча. Гэта будзе прынцыповы момант — паказаць, што мы прапаноўваем Статкевіча, кандыдата на прэзыдэнта, які сядзіць зь мінулых выбараў. Каб стала ўсім зразумела, якія ў двукосьсі „выбары“ нам прапануюць».