Навіны

Пяць гадоў таму загінуў Алег Бябенін

Журналіст быў знойдзены павешаным 3 верасня 2010 года на лецішчы пад Менскам.

Алег Бябенін нарадзіўся ў 1974 годзе ў горадзе Кастрама (Расейская Федэрацыя). Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1990-х гадах працаваў намеснікам галоўнага рэдактара незалежнай беларускай газэты «Імя».

З 1998 года быў заснавальнікам і кіраўніком сайта charter97.org. У Алега Бябеніна засталіся жонка і двое сыноў.

Праваахоўныя органы паспяшаліся паведаміць, што гэта самагубства. Аднак смерць Алега Бябеніна выклікала шмат пытанняў. Судмедэкспэрты блытаюцца нават у даце яе надыходу. Алег Бябенін не пакінуў пасля сябе ніякай запіскі. Сябры і калегі журналіста, якія былі на месцы здарэння, заяўляюць пра наяўнасць на ягоным целе слядоў гвалту.

Пракуратура спыніла «праверку» паводле факта смерці Алега Бябеніна праз некалькі месяцаў пасля яе пачатку, нягледзячы на патрабаванні міжнародных арганізацый і праваабаронцаў аб правядзенні належнага расследавання.

Прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасці заявілі пра «палітычнае забойства». Смерць Алега Бябеніна адбылася напярэдадні старту прэзідэнцкай кампаніі 2010 года, якая скончылася брутальным разгонам Плошчы ў Менску. Журналіст уваходзіў у каманду аднаго з галоўных канкурэнтаў Лукашэнкі – лідара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Саннікава.

Усе памятаюць, чым скончылася супрацьстаянне з уладай для некаторых апанентаў рэжыму напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2001 года. Юры ЗахаранкаВіктар ГанчарАнатоль Красоўскі,Дзмітрый Завадскі былі выкрадзеныя і забітыя, а расследаванне іх смерцяў не праведзена дагэтуль.

Пасля змены ўлады мы абавязкова даведаемся праўду пра тое, як памёр наш калега. Крымінальная справа аб трагічнай гібелі Алега Бябеніна будзе абавязкова распачатая, і яе будуць расследаваць лепшыя беларускія крыміналісты.

Хартыя\’97