Навіны

Пыласос і кубкі, канфіскаваныя ў Статкевіча на мяжы, ацанілі

Мікалай Статкевіч распавёў карэспандэнту Свабоды, што зь ягонай пэнсіі штомесяц вылічваюць палову на штрафы за мірныя акцыі.

Ён дадаў, што судовыя выканаўцы даслалі ліст, у якім паведамляецца, што канфіскаваныя на мяжы аўтамабільны пыласос ацэнены ў 200 тысяч рублёў, а два кубкі «Белсату» — у 30 тысяч кожны.

«Яны правялі маркетынгавае дасьледаваньне рынку і пытаюцца, ці згодны я з такой ацэнкай. Даволі абʼёмны дакумэнт, паперы кубкамі і пыласосам яны сапсавалі вельмі шмат. Але я не адказваю на гэтыя лісты. Больш ніякіх папераў няма. Таксама няма ніякіх позваў у суд. Я драматызму гэтаму не надаю», — сказаў карэспандэнту Свабоды Статкевіч.

Палітык разам з жонкай Марынай Адамовіч вяртаўся на аўтамабілі з Польшчы ў Беларусь. У ноч на 12 красавіка іх затрымалі памежнікі ў Бераставіцах, напісаў у фэйсбуку сын Марыны Адамовіч Юрась. На мяжу выклікалі судовых выканаўцаў, каб правесьці вопіс агульнай маёмасьці. У выніку забралі аўтамабільны пыласос (Юрасёў падарунак маці) і два кубкі з сымболікай «Белсату».

Алесь Дашчынскі, Радыё Свабода