Рада БНК: Свабоду прафзвязным лідарам!
Рада Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу выступіла з патрабаваннем неадкладна вызваліць лідараў незалежных прафзвязаў.
Падаем тэкст заявы Рады БНК:
«Рэжым арыштаваў лідара прафзвязу РЭП, старшыню сацыяльна-эканамічнай камісіі Рады Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Генадзя Фядыніча. Таксама затрыманы кіраўнік Кангрэсу дэмакратычных прафзвязаў Аляксандр Ярашук ды іншыя прафзвязныя лідары.
Рада БНК мяркуе, што гэтыя арышты выкліканыя страхам рэжыму перад народнай нянавісцю да яго і спробамі не дапусціць будучай восенню масавых пратэстаў супраць антынароднай палітыкі ўладаў.
Вымушаны вызваліць арыштаваных паводле груба скляпанай «справы баевікоў», рэжым шукае іншыя ахвяры, каб запалохаць патэнцыйных удзельнікаў восеньскіх пратэстаў.
Таксама нянавісць рэжыму выклікала сацыяльную актыўнасць прафзвязу РЭП, асабліва яго эфектыўная кампанія збору сродкаў на дапамогу рэпрэсаваным за ўдзел у пратэстах.
Рада БНК звяртае ўвагу заходніх партнёраў беларускага рэжыму на арышты прафзвязных лідараў. Гэтыя арышты сведчыць, што спробы залагодзіць дыктатара, заплюшчыўшы вочы на грубыя парушэнні ім правоў чалавека, вядуць толькі да ўзмацнення рэпрэсій. Нагадваем, што рэжым пайшоў на брутальныя дзеянні супраць незалежных прафзвязаў неўзабаве пасля сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Менску і пасля паслаблення ціску Міжнароднай арганізацыі працы на беларускія ўлады.
Рада БНК уважае дзеянні рэжыму за яшчэ адное сведчанне ўнутранай акупацыі краіны злачыннай групоўкай і патрабуе неадкладнага вызвалення Генадзя Фядыніча, Аляксандра Ярашука і іншых арыштаваных прафзвязных лідараў.
Калі злачынныя дзеянні ў дачыненні да прафзвязных лідараў не будуць спыненыя, то мы зробім лозунг іх вызвалення адным з асноўных на Акцыі папярэджання, якая пачнецца 8 верасня а 18.00 на Кастрычніцкай плошчы Менска.
Мы заклікаем да ўдзелу ў Акцыі папярэджанні актывістаў дэмакратычных партый і арганізацый, незалежных прафзвязаў, усіх грамадзян, якія хочуць вызвалення краіны.
Вызвалім Беларусь з-пад унутранай акупацыі і не дапусцім замежнай агрэсіі!
Улада – народу!
Жыве Беларусь!»