Рада БНР: Былыя палітвязні павінны быць рэабілітаваны
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі заклікала афіцыйны Менск да «далейшай нармалізацыі палітычнага становішча ў краіне».
Пра гэта гаворыцца ў заяве, распаўсюджанай 24 жніўня, піша БелаПАН.
Рада БНР вітае вызваленне палітычных зняволеных і «заклікае ўладу да далейшых крокаў у нармалізацыі палітычнага становішча ў краіне». На думку Рады, патрэбная поўная юрыдычная рэабілітацыя былых палітвязняў, «вызваленых цяпер і дагэтуль»; стварэнне перадумоў для правядзення «паўнавартасных свабодных і справядлівых выбараў», а таксама перавыбараў ва ўсе органы дзяржаўнай і мясцовай улады; гарантаванне грамадзянам усіх дэмакратычных правоў і свабод, замацаваных у тым ліку ў дзейным заканадаўстве.
Рада БНР заклікае міжнародную супольнасць, у тым ліку краіны ЕЗ і ЗША, «надалей рашуча патрабаваць дэмакратызацыі ў Беларусі і падтрымаць Беларусь у пераходзе да дэмакратычнага дзяржаўнага ладу».