Навіны

Радослаў Сікорскі: ЕС пашырыць санкцыі, калі Беларусь не вызваліць палітзняволеных

Еўрасаюз будзе вымушаны пашырыць санкцыі ў дачыненні да Беларусі, калі палітзняволеныя ў краіне не будуць вызвалены. Такую заяву зрабіў міністр замежных спраў Польшчы Радослаў Сікорскі на прэс-канферэнцыі ў Берліне 21 сакавіка.

“Мы спадзяемся, што палітычныя зняволеныя будуць вызвалены. Калі не, ЕС будзе вымушаны ўвесці чарговыя санкцыі”, — цытуе кіраўніка МЗС Польскае агенцтва друку.

Сікорскі ўдзельнічаў у Берліне ў трохбаковай сустрэчы з кіраўнікамі нямецкага і расійскага знешнепалітычных ведамстваў Гіда Вестэрвеле і Сяргеем Лаўровым.

Прэс-сакратар беларускага Міністэрства замежных спраў Андрэй Савіных заявіў 21 сакавіка, што ключом да ўрэгулявання рознагалоссяў паміж Беларуссю і ЕС з\’яўляецца адмова ад сілавога сцэнарыя. Ва ўзаемапрымальным урэгуляванні зацікаўлены абодва бакі, сказаў ён беларускаму дзяржаўнаму агенцтву БелТА.

“Найперш трэба спыніць практыку пастаяннага пашырэння санкцый з боку ЕС, — заклікаў Савіных. — І справа зусім не ў тым, ці маюць санкцыі эфект. Важна, што гэта практыка выключае магчымасць асэнсаванага і рацыянальнага збліжэння пазіцый”.

Выступаючы за ўрэгуляванне, Беларусь гатова да любых сцэнарыяў, падкрэсліў прэс-сакратар знешнепалітычнага ведамства.

31 студзеня 2011 года на пасяджэнні ў Бруселі Савет ЕС зацвердзіў спіс прадстаўнікоў беларускай дзяржавы, чый уезд у Еўрасаюз забаронены і чые актывы на яго тэрыторыі падлягаюць замарожванню. Паводле меркавання членаў савета, гэтыя асобы спрыялі парушэнню правоў чалавека ў Беларусі. Спіс неаднаразова пашыраўся, і цяпер у ім больш за 200 прозвішчаў. У апошні раз дакумент быў абноўлены 27 лютага 2012 года.

28 лютага беларускія ўлады рэкамендавалі кіраўніку прадстаўніцтва Еўрасаюза Майры Мора і паслу Польшчы Лешаку Шарэпку “выехаць у свае сталіцы для кансультацый, каб давесці свайму кіраўніцтву цвёрдую пазіцыю беларускага боку аб непрымальнасці націску і санкцый”. У Мінск для кансультацый былі адкліканы пастаянны прадстаўнік Беларусі пры Еўрасаюзе Андрэй Еўдачэнка і пасол Беларусі ў Польшчы Віктар Гайсёнак. У адказ краіны ЕС адклікалі сваіх паслоў з Мінска.

Савет ЕС разгледзіць спіс беларускіх прадпрыемстваў і бізнесменаў, да якіх могуць быць прыменены санкцыі, у Бруселі 23 сакавіка.

 
Антон Тарас, БелаПАН.